На "Талацэ" збіраюць грошы на выданне мемуараў Міхала Клеафаса Агінскага
Рыхтуюцца да выдання мемуары вядомага дыпламата і музыкі Міхала Клеафаса Агінскага. Збор грошай абвясціла платформа "Талака".
Свае ўспаміны Агінскі напісаў і выдаў па-французску ў XIX стагоддзі. Па-беларуску перакладзеныя ўжо тры з чатырох тамоў, а таксама "Мая біяграфія" і "Назіранні за падзеямі… у 1830—31 гг.". Яны таксама будуць выдадзеныя разам з "Мемуарамі". Пераклад робіць Вольф Рубінчык.
"Кожны партнёр праекта атрымае магчымасць набыць выданне з друку па ільготным кошце альбо нават у падарунак, але гэта залежыць ад узроўню вашай дапамогі", — гаворыцца на сайце "Талакі".
Электронная версія пабачыць свет праз 6 месяцаў пасля заканчэння збору грошай. Папяровае выданне выйдзе ў верасні 2017 года. Плануецца друк у літоўскім выдавецтве.