“На вас нават патроны шкада траціць, зараз усіх скінем у кар’еры”
Вызвалены баец “Данбаса” з пазыўным “Маскіт” расказвае пра беларусаў у батальёне, расійскіх салдат і чатыры месяцы ў палоне ў сепаратыстаў.
Баец батальёна “Данбас” з пазыўным “Маскіт” трапіў ў палон падчас “Ілавайскага катла” ў апошнія дні жніўня. І толькі ў ноч з 26 на 27 снежня яго разам з іншымі 146 палоннымі з розных вайсковых фармаванняў Украіны вызвалілі з палону так званай ДНР. Па просьбе суразмоўцы Еўрарадыё не называе яго сапраўднае імя і выкарыстоўвае пазыўны, пад якім яго ведаюць саслужыўцы.
Еўрарадыё: У палон вы трапілі падчас спробы вызвалення Ілавайска. Не раскажыце падрабязнасці?
“Маскіт”: З Ілавайска мы выходзілі на звычайным цывільным транспарце: аўтобусы, бусікі, на якіх і ўсіх сваіх параненых вывозілі. З чырвонымі крыжамі на бартах. Даехалі да Краснасельска і нечакана трапілі там пад абстрэл з засады. Не маглі ад пачатку зразумець, што адбываецца — нам жа абяцалі калідор! Там жа, пад Краснасельскам і спыніліся, занялі кругавую абарону. Там жа, падчас бою захапілі ў палон здаецца 10 салдат праціўніка і нечакана даведаліся, што яны расіяне. Іх, праўда, мы праз пэўны час адпусцілі без усялякіх умоў. А самі паўтара сутак абараняліся, маючы каля 90 чалавек параненых, якіх везлі з Ілавайска. Даволі хутка скончыліся ўсе медыкаменты і праз паўтара сутак паўстала пытанне: “Што рабіць далей?” Прарывацца мы маглі, але што рабіць з параненымі? Вывезці іх банальна не было на чым — увесь наш транспарт быў разбіты. Да ўсяго, у расіян былі танкі, а ў нас на той момант скончыліся сродкі барацьбы з імі. Пачаліся перамовы і ўмовы расіян былі простыя: “Не пытанне, мы вас прапусцім, зробім калідор да Днепрапятроўска, выходзьце, але калі хочаце прарывацца з боем, то, магчыма, вы і вырвецеся, але параненых забраць з сабой не зможаце і мы іх потым “зачысцім”. Прыходзіў да нас іх афіцэр з пазыўным “Ліса”, даваў слова афіцэра, я асабіста з ім гаварыў
Еўрарадыё: І што з гэтага слова атрымалася?
“Маскіт”: Асабіста я хадзіў да расіян на перамовы два разы. Ну, так атрымалася: яны прыйшлі да нас з белым сцягам, забралі для перамоў нашага афіцэра, якога потым і паланілі. І на перамовы двойчы хадзіў я. Падчас першага паходу ў падраздзяленне, што стаяла насупраць нас, мне сказалі: “Ёсць сувязь з Кіевам, ёсць сувязь з Масквой, там ужо ўсё на вышэйшым узроўні вырашылі — можаце выходзіць. Але мы не ведаем, як там нашы, што стаяць далей”. І я пайшоў размаўляць з іншым падраздзяленнем. А там кажуць, што ў іх няма сувязі… Як высветлілася пазней, яны проста цягнулі час. Ведаеце, калі б мы маглі прадбачыць, што ў выніку ўсяго гэтага мы трапім у палон у ДНР, то мы б там усе паляглі і ніякай размовы з гэтымі расіянамі ўвогуле б не вялі! Мы ж таму і палонных расіян адпусцілі без усялякіх умоў, што паверылі ў магчымасць выхаду да сваіх. Мы стаялі ў чыстым полі — што калі б нам дапамога прыйшла? Хапіла б аднаго самалёта: у іх не было ніякіх ПВА, і адзін самалёт раздзяўбаў бы ўсе іх танкі! І яны гэта выдатна разумелі. Затое, яны не разумелі, як гэта нам за паўтара сутак дапамога не прыйшла? Яны хацелі гэта пытанне найхутчэй вырашыць: альбо нас знішчыць, альбо дамовіцца, каб мы сышлі са сваёй пазіцыі. І таму ён даваў слова афіцэра, што нам даюць калідор да Днепрапятроўска. У выніку нібыта дамовіліся і пайшлі калонай у суправаджэнні двух іх БТРаў. Дзень так ішлі, а ноч прастаялі ў чыстым полі. Так, нам давалі слова афіцэра, што нашых параненых адразу забяруць, але ў выніку яны ўвесь час былі з намі: і на маршы, і на начной стаянцы ў полі. У выніку некалькі нашых параненых за гэты час памерлі. А ў выніку за намі прыехала ДНР…
Еўрарадыё: Цікава, а што гэтыя вашы палонныя казалі пра тое, якім чынам апынуліся ва Украіне? Гэта сапраўды былі расійскія салдаты?
“Маскіт”: Так, мы ж у руках іх ваенныя білеты трымалі! А як патрапілі: адны казалі, што выпадкова, другія — што чакалі нейкі “Правы сектар”… Адзін усё расказваў, што звольніцца з арміі адразу пасля гэтага. І яшчэ: тыя, хто прызнаўся, што ваюе ва Украіне не першы дзень, расказвалі пра вялікія страты.
Еўрарадыё: Гэта былі звычайным прызыўнікі ці прафесіяналы-кантрактнікі?
“Маскіт”: Розныя: хлопцы 18-19 гадоў і гадоў 25-ці. Там была нейкая танкавая брыгада і “дэсантура” з Разані, здаецца. І гэтыя расійскія салдаты, я цяпер не пра палонных, выглядалі досыць добразычлівымі. Калі паўстала пытанне, што нам дадуць калідор, я папрасіў дазволу прайсці ўздоўж дарогі і падлічыць нашых 200-х. Яны не былі супраць, далі мне суправаджаючага і мы паўтары гадзіны ішлі па дарозе ад Краснасельска ў бок Ілавайска. Мы ішлі і з гэтым суправаджаючым размаўлялі. Ён быў у шоку, не разумеў гэту вайну, Майдан наш быў для яго дзікунствам: “Ну, вы там нешта не падзялілі, а мы тут якім бокам? У нас у саміх усё не зразумела: добра жывуць Масква і Піцер, а ўсе астатнія — у галечы”. Карацей, у мяне ўражанне склалася, што хлопцы невядома якім чынам трапілі на гэту вайну і не толькі гэтаму не рады, а ў шоку ад гэтага ўсяго.
Еўрарадыё: Чым скончылася ноч сядзення ў полі?
“Маскіт”: Раніцай параненым загадалі пешшу ісці ў бок нашых, а мы працягвалі сядзець у атачэнні аўтаматчыкаў. Калі мы ўбачылі цывільныя машыны, што ехалі ў наш бок, то вырашылі, што гэта едуць нашы. Праўда, разгубіліся: “Чаму параненыя пайшлі пешкам, а за намі едуць машыны?” Машыны даехалі, мы ўбачылі, хто з іх выйшаў, і ў гэты момант развіталіся з жыццём. Бо мы адразу пачулі: “Нам нават патроны на вас шкада траціць: у нас тут ёсць кар’еры глыбокія — зараз усіх туды вывезем”. І калі нас грузілі ў машыны — мы развітваліся з жыццём. Толькі на ўездзе ў Данецк зразумелі, што адразу не расстраляюць. Нас правялі праз так званы “калідор ганьбы” і загналі ў падвал данецкага СБУ. Дакладней, у бамбасховішча пад СБУ. Там нас трымалі тыдні тры, перш, чым нас вывелі на сонца і далі нам памыцца. А так мы нават у прыбіральню там жа ў бамбасховішчы хадзілі — можаце сабе ўявіць, якое там было паветра! А потым частку нашых, 72 чалавекі, павезлі ў Ілавайск адбудоўваць горад, які, па іх словах, мы разбурылі.
Еўрарадыё: Якія былі адносіны: я чытаў пра здзекі, збіццё? Як кармілі?
“Маскіт”: Я не хачу адказваць на гэта пытанне, баюся сваімі адказамі нашкодзіць хлопцам, якія яшчэ застаюцца ў палоне. А наконт ежы… Ну, як маглі, так і кармілі.
Еўрарадыё: Кіраўнік ДНР Аляксандр Захарчанка ў інтэрв’ю Еўрарадыё сцвярджаў, што ўкраінскія палонныя ў іх спяць на белых прасцінах і харчуюцца як у рэстаране…
“Маскіт”: Магчыма, у кагосьці былі іншыя ўмовы ўтрымання… Мы знаходзіліся ў бамбасховішчы, а нашы вайскоўцы былі на першым паверсе гэтага будынка. У іх там і вокны адчынялі. Але не думаю, што і яны маглі пахваліцца белымі прасцінамі і рэстараннымі стравамі.
Еўрарадыё: Вядома, што ў батальёне “Данбас” ёсць беларусы. Ці былі яны сярод палонных?
“Маскіт”: У самім батальёне, у маім падраздзяленні былі беларусы. З адным з іх з пазыўным “Зубр” я сябраваў. Але ў палоне нікога з беларусаў я не бачыў. Іншая справа, мы ж усе непакоіліся за сваіх родных і таму ў нас толькі пазыўныя. І пытанне “хто і адкуль” лічылася некарэктным. Толькі калі вы блізка пасябравалі, то такія пытанні абмяркоўваліся.
Еўрарадыё: Як праходзіла вызваленне?
“Маскіт”: Проста ў адзін з дзён нам сказалі збіраць рэчы, бо будуць абменьваць. Хтосьці ў гэта паверыў, хтосьці — не. Пагрузілі ў машыны і паехалі, але прывезлі нас з Ілавайска не на ўкраінскую тэрыторыю, а ў Данецк, да будынка СБУ. Спадзяванні на вызваленне зніклі канчаткова. Праўда, з машын нас не выгружалі, а праз пэўны час нам пачалі падгружаць армейцаў. Ізноў некуды доўга ехалі, сам абмен адбыўся неяк хутка, пасадзілі ў самалёт, сустрэча з Парашэнкам — усё злілася ў шэраг хуткіх падзей.
Еўрарадыё: Крыўды не было, што так доўга не вызвалялі свае?
“Маскіт”: Разумееце, там да нас своеасаблівае стаўленне: мы фашысты, карнікі, немаўлят ядзім ці катуем, кроў п’ем. Мы разумелі, што пра вызваленне добраахвотнікаў нашмат складаней дамовіцца, чым на вызваленне армейцаў. І таму ніякай крыўды ці настрояў “нас кінулі!”, “нам здрадзілі!” не было і няма.
Еўрарадыё: У вас былі сустрэчы з мясцовымі жыхарамі — якое ў іх стаўленне да гэтых ДНР, Наваросіі, Расіі?
“Маскіт”: Разумееце, калі чалавек цэлы дзень працуе і ўсю інфармацыю атрымлівае з тэлевізара, з расійскага канала, які глядзіць, пакуль вячэрае, то ён не будзе замарочвацца тым, каб знайсці недзе альтэрнатыўную інфармацыю. Не хочацца такіх людзей зневажаць, але ў іх усё проста і з імі немагчыма спрачацца — ім усё расказаў тэлевізар праз Кісялёва. Пра міфічных бандэраўцаў, хунту і гэтак далей. Ёсць людзі, якія сталі закладнікамі сітуацыі. І такіх людзей вельмі шкада. Размаўляў з жанчынай, кажа: “Я гэта нічога не падтрымліваю, але выехаць адсюль я не магу — у мяне бацька ляжачы, а дапамогу ад Украіны я буду атрымліваць толькі 6 месяцаў”. Зразумела, былі тыя, хто там бегаў са сцяжкамі Расіі, ДНР ды Наваросіі, і тыя, хто ставіўся да ўсяго апатычна. Шахцёр мне кажа: “У мяне павінна была быць пенсія 6 тысяч грывень, але цяпер у гэтай ДНР мне нічога гэтага не свеціць. І ў Расіі мы не патрэбныя”. І расказвае, як хлопцы з яго брыгады паехалі на працу ў Расію, дзе ім паабяцалі заробак 40 тысяч у месяц. Па прыездзе даведаліся, што заробак 20 тысяч, за кватэру асобна плаціць, а яшчэ мясцовыя, як даведаліся, што гэта прыехалі шахцёры з Данбаса, кінуліся твар ім біць. Маўляў, “у нас саміх усё хранова, а вы прыехалі ў нас яшчэ і працу адбіраць”. І такія вось закладнікі сітуацыі чакаюць, калі мы вернемся і забяром гэту тэрыторыю пад свой кантроль. Усё складана. У Ілавайску мясцовыя нас кармілі, апраналі як маглі. Прывялі неяк нас адной бабулі пашкоджаны снарадам дом аднаўляць: “Рамантуйце тое, што вы разбурылі, карнікі!”, а яна, як ахоўнік адышоў, нам ціхенька кажа: “У мой дом снарад не ад вас, а з іншага боку прыляцеў, я бачыла — гэта не вы яго разбурылі”. Розныя там настроі.
Еўрарадыё: Гераічны баец батальёна “Данбас” “Маскіт” да “ілавайскага катла” і “Маскіт” пасля вызвалення з палону — чым яны адрозніваюцца?
“Маскіт”: Ну, блін, і пытанне! Калі я патрапіў на гэтую вайну, у мяне была нейкая эйфарыя. Я сам з Херсона, і ў нас людзі па адносінах да Украіны, да мовы да ўсіх падзей дзяліліся 50 на 50. І я не ведаю, што б было, калі б у той жа час, што і ў Данецк, да нас прыйшло, умоўна, ДНР. І вось я са свайго Херсона прыязджаю ў батальён “Данбас” і бачу столькі шчырых патрыётаў у адным месцы. У такім асяродку была ўпэўненасць, што ўсё можа даволі хутка вырашыцца, мы ўсяго даб’ёмся. А цяпер я разумею, што калі не будзе дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні, не будзе больш жорсткіх санкцый, то год-два, мне падаецца, гэта ўсё будзе працягвацца. Не хочацца гэтай вайны, шчыра. Зусім іншае ў мяне сёння разуменне гэтай вайны, чым было раней.
Еўрарадыё: Ці праўду пішуць пра тое, што байцы батальёнаў жорстка паводзяць сябе з палоннымі і мясцовым насельніцтвам, могуць нешта ў цывільных каштоўнае “адціснуць”, пра п’янства сярод добраахвотнікаў?
“Маскіт”: Разумееце, “Данбас” — гэта батальён добраахвотны, і на першым этапе туды бралі ўсіх, хто хацеў у яго запісацца. Лічылася, што калі чалавек сам прыйшоў і гатовы рызыкаваць сваім жыццём, то ён прыдатны. Але ж мы разумеем, што ад таго, што чалавек прыйшоў у батальён “Данбас”, ён не зменіцца і калі ён быў алкаголікам ці злодзеям, то гэтыя якасці па-ранейшаму будуць жыць у ім. Гэта грамадства, і ў кожным калектыве ёсць розныя персанажы. Таму, так, усё бывае, але з гэтым стараліся змагацца.
Еўрарадыё: Вам даводзілася забіваць так, каб на ўласныя вочы бачыць смерць ворага, глядзець яму ў вочы, калі ён памірае?
“Маскіт”: Не, я такога не бачыў. Не магу сказаць, што я расстроены з гэтай нагоды. У мяне не было такога бліжняга бою, калі страляеш ва ўпор, забіваеш. Якая цяпер вайна ідзе? Ну, вось як у нас было ў тым жа Ілавайску: сядзіш на блок-посце, у цябе ямка выкапаная метр на метр, а па табе лупяць “Грады”, мінамёты — і так гадзіны чатыры. Цяпер такога бліжняга бою вельмі мала. У асноўным лупіць артылерыя і ўсё. І яна лупіць не толькі па табе, а па тых жа мірных людзях, якія там ёсць.
Еўрарадыё: Якія планы: вернецеся ў батальён і працягнеце ваяваць ці застаняцеся з сям’ёй?
“Маскіт”: Цяпер мне трэба медкамісію прайсці, нейкія дакументы нам павінны сабраць, можа, якіх грошай дадуць на сям’ю — 10 чысла мы збіраемся ў Дняпры (размова адбывалася 9 студзеня — Еўрарадыё). І потым буду вырашаць. Натуральна, сям’я не хоча мяне адпускаць, нягледзячы на ўсе мае словы пра тое, што адсядзецца не атрымаецца. Бо седзячы на канапе, мы дачакаемся, што тут будуць падаць бомбы і пачнецца стральба — пакуль гэтага ў Херсоне няма. Але пакуль мае аргументы не прымаюцца. Зразумела, рашэнне буду прымаць я, але трэба, каб і ваўкі былі сытыя, і авечкі цэлыя. Ніхто не хоча губляць сваіх родных і блізкіх, але ж ніхто за нас нашы праблемы не вырашыць…
Фота: www.depo.ua, ru24.su