Набыў моц закон аб канфіскацыі машын у нецвярозых кіроўцаў
З 24 кастрычніка аўтамабілі будуць канфіскоўваць у нецвярозых кіроўцаў, якія трапіліся супрацоўнікам ДАІ другі раз на працягу года.
Канфіскацыя не будзе тычыцца выпадкаў, калі п’яны кіроўца завалодаў аўтамабілем насуперак волі яго ўласніка: у выніку ўгону, самавольства і гэтак далей.
Пры гэтым канфіскацыя магчымая толькі ў рамках крымінальнага заканадаўства, калі гаворка ідзе пра паўторны выпадак кіравання транспартам нападпітку на працягу года. “На першы раз” да парушальніка прымяняюцца нормы Адміністрацыйнага кодэкса. А ў ім істотна павялічаныя сумы штрафаў за п'янае кіраванне: з 15 — 35 базавых велічынь да 50 — 100 (6,5 мільёна — 13 мільёнаў рублёў).
Каля 20 тысяч машын ужо стаяць у чарзе на канфіскацыю
Уносяцца дапаўненні і ў артыкул 317 Крымінальнага кодэкса — парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў. Дакладней, у артыкуле з’яўляюцца дзве часткі, якія тычацца менавіта нецвярозых кіроўцаў. Згодна з часткай 4, п'яны кіроўца, па віне якога прычынена цяжкае цялеснае пашкоджанне ці загінуў чалавек, можа атрымаць ад шасці месяцаў да сямі гадоў пазбаўлення волі. Частка 5 за гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне нецвярозага кіроўцы будзе прадугледжваць ад 4 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Пры гэтым ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакарання за такія злачынствы ў кодэкс не ўводзіцца, паведамляе БелаПАН.