Нацбанк пашырыў “валютны калідор” праз узмацненне долара?

Нацыянальны банк Беларусі пашырыў калідор вагання курса беларускага рубля да кошыку валют з 5 да 10%. З 22 чэрвеня гэтыя межы складаюць ад 864 да 1056 рублёў. У абодва бакі яны пашырыліся на 48 рублёў. На думку эканаміста Сяргея Чалага, нічога дзіўнага не адбылося. І МВФ, і Нацбанк, хутчэй за ўсё, даўно мелі на ўвазе пашырэнне валютнага калідора, на верхняй мяжы якога апошнія некалькі дзён “вісеў” рубель. Але была адна праблема: для простых беларусаў 5%, за якія Пётр Пракаповіч паабяцаў не адпускаць нацыянальную валюту, атаясамлівалі яе трываласць, лічыць Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы: “У нас людзі кожныя два тыдні пужалі сябе тым, што неўзабаве адбудзецца наступная дэвальвацыя. Што рубель абрынецца яшчэ на 20% ці яшчэ, кожны называў сваю лічбу, хто болей... Зразумела, што ў такой сітуацыі пашырыць калідор было практычна немагчыма. Але зараз яны вырашылі, што надышоў зручны момант. Як гэта можа зараз успрыняць насельніцтва? Хто яго ведае...”.

Паводле слоў эксперта, захады Нацбанка выкліканыя магчымым узмацненнем долара да еўра. У сітуацыі прывязкі да трох валіют, калі рубель стаіць на верхняй мяжы калідора, гэта азначае непазбежнае паніжэнне курсу рубля. А гэта непажадана, бо беларусы ў сваіх спробах зразумець манетарную палітыку краіны па-ранейшаму глядзяць пераважна на дынаміку курса долара. Пашырыўшы валютны калідор, Нацбанк пакідае сабе пляцоўку для манеўраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі