"Нацыяналка" адмовілася паказваць фотавыставу пра Венгерскую рэвалюцыю

Нацыянальная бібліятэка Беларусі адмовіла амбасадзе Венгрыі ў памяшканні для правядзення фотавыставы "Воля і дэмакратыя". Імпрэза мелася адбыцца з нагоды ўгодкаў пачатку рэвалюцыі 1956 года і Дня абвяшчэння Венгерскай Рэспублікі ў 1989 годзе. У інтэрв'ю БелаПАН намесніца дырэктара бібліятэкі па навуковай працы і сувязях з грамадскасцю Людміла Кірухіна матывавала адмову тым, што галерэі ўстановы культуры занятыя працамі I Мінскага міжнароднага фэсту лічбавага мастацтва. Гэтая выстава працуе ва ўсіх галерэях бібліятэкі з 8 кастрычніка па 25 лістапада. Па словах бібліятэкаркі, арганізатары творчай акцыі не чакалі такога маштабу выставы — прадстаўлена 170 прац з васьмі краін, у тым ліку з чатырох краін Еўрасаюза. "Гэта не проста выстава, а фэст-конкурс. І на гэтым тыдні міжнароднае журы пачне падводзіць яго вынікі", — адзначыла Кірухіна.

У той жа час амбасадару Венгрыі Феранцу Контры супрацоўнікі біблітэкі паведамілі, што выставу нельга правесці з-за неабходнасці рамонту будынка пасля моцных дажджоў.

Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць, у Нацыянальнай бібліятэцы таксама спачатку адмовіліся даць памяшканне амбасадзе для прыёму з нагоды нацыянальнага свята Венгрыі. Аднак, як паведаміў дыпламат, пасля звароту ў Міністэрства культуры і МЗС дазвол быў атрыманы. Прыём адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы 21 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі