Надзея Ермакова: Сучасныя тэхналогіі прыносяць шмат зла
Кіраўніца Нацбанка Беларусі дала вялікае інтэрв'ю газеце "Комсомольская правда в Беларуси".
Гаворка ішла не толькі пра працу, у большай ступені — пра асабістае жыццё. Надзея Ермакова таксама выказала свае адносіны да таго, што сучасныя дзеці захопленыя кампутарнымі гульнямі, тэлефонамі, увесь вольны час праводзяць у інтэрнэце.
"Што тычыцца інтэрнэту, то з-за яго, на жаль, мы часта пазбаўляем сябе жывых чалавечых зносін, — кажа Ермакова. — Ну што гэта за зносіны ў "Аднакласніках" і іншых сацыяльных сетках? Я ў дачкі пытаюся: "Навошта там сядзець? Хочаш пагутарыць з чалавекам — знайдзі яго адрас, тэлефон, сустрэнься!". А як мы адзін аднаго са святамі віншуем? Бярэ чалавек мабільны тэлефон — і ўсім запар аднолькавыя паведамленні рассылае. Атрымліваеш такую эсэмэску, стараешся адказаць, каб не пакрыўдзіць, а потым разумееш, што ён і не заўважыў — адказалі яму ці не".
У той жа час кіраўніца Нацбанка прызнае, што ў працы банкіра "без інтэрнэту зараз ніяк". Надзея Ермакова адзначае, што "гэтыя сучасныя тэхналогіі прыносяць і шмат зла". "Вось узяць той жа спайс, ад якога ў апошні час столькі дзіцячых смерцяў, — цытуе словы Надзеі Ермаковой "Комсомольская правда в Беларуси". — Бо даступнай гэтую заразу зрабіў менавіта інтэрнэт. І гэта вельмі страшна! Добра, што цяпер пра гэта пачалі пісаць, казаць, тлумачыць, наколькі гэта вялікае зло...".
Фота — kp.by