Нармальныя каментатары з форумаў сыдуць ― “ольгінскія тролі” застануцца

Нармальныя каментатары з форумаў сыдуць ― “ольгінскія тролі” застануцца

8 мая ў парламенце сабралася адмысловая працоўная група, каб абмеркаваць змены ў закон “Аб СМІ”. Той самы, які прапануе аўтарызацыю каментатараў на форумах, хоча прыраўняць блогераў з журналістамі, а блакаваць сайты дазваляе без рашэння суда. Прадстаўнікі Мінінфарма затрымліваліся і старшыня камісіі па правах чалавека і СМІ Андрэй Навумовіч закідвае нечаканую тэму для абмеркавання:

“Я сёння прачытаў, што галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі падаў у адстаўку. Што вы пра гэта думаеце, калегі?”

Думкі на гэты конт у калег, а на абмеркаванне запрасілі не толькі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чыноўнікаў Мінінфарма, але і рэдактараў як друкаваных выданняў, так і інтэрнэт-рэсурсаў, былі самыя розныя, але ўсе ― далёкія ад веры ў перамогу беларускіх хакеістаў.

Са скепсісу, толькі ўжо ў дачыненні да праекта закона “Аб СМІ”, пачынае абмеркаванне і дэпутат Ганна Канапацкая.

“Прапанаваныя змены ў закон не будуць спрыяць развіццю эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Мы забываем, што сёння СМІ і інтэрнэт гэта не толькі сацыяльная з’ява ― гэта вялізны эканамічны рынак. І яго нельга закрываць для інвестараў. А прапанаваныя Мінінфармам змены не будуць спрыяць цікавасці да гэтага віду рынку інвестарам ― як унутраным, так і знешнім”, ― упэўнена заяўляе дэпутат.

Гаворка, удакладняе Канапацкая, найперш ідзе пра прапісанае ў законапраекце права Мінінфарма на блакіроўку сайтаў без суда. І адразу падказвае чыноўнікам выхад:

“Аргумент міністра інфармацыі наконт таго, што неабходна мець магчымасць для аператыўнага ўмяшальніцтва, каб не зацягваць справу, не мае падстаў. Судовае пасяджэнне можа быць праведзенае цягам трох дзён”.

Прапанова чакаць блакіроўкі тры дні выклікае нязгоду і ў калег Ганны Канапацкай, і ў чыноўнікаў Мінінфарма.

“Не так даўно сатаністы ў Барысаве размясцілі сайт. Там было 76 відаў, як здзейсніць самагубства. Хлопчык трапіў у Навінкі, ледзь выцягнулі яго з гэтай сітуацыі. Дзеці начытаюцца, і такое вось вытвараюць. Ствараецца ўражанне, што ў нас дзяцей няма, і чакаць суда ― пакуль начытаецца гэтага палова краіны!” ― абураецца сябра камісіі па правах чалавека і СМІ Адам Кавалько.

“Вы згодныя з тым, што трэба аператыўна рэагаваць ў такіх сітуацыях? Сёння мы маем магчымасць рэагаваць аператыўна, а вы нам прапаноўваеце рызыкнуць і зацягнуць працэс”, ― папракае Канапацкую намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.

Дацэнт факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін атакуе дэпутатку з іншага боку.

“Мне цікава, вось вы казалі пра інфармацыйны рынак ― які па вашых ацэнках яго аб’ём у Беларусі? А ў выпадку прыняцця прапанаваных правак у закон якія страты і ў якім аб’ёме будуць нанесеныя гэтаму рынку? А калі яны не будуць прынятыя, то як гэта паўплывае на развіццё інфармацыйнага рынку? Інвестыцый якіх аб’ёмаў вы чакаеце ў наш інфармацыйны рынак?” ― цікавіцца дэкан.

“Кантрольны стрэл” робіць старшыня камісіі па СМІ Андрэй Навумовіч.

“Ганна Анатольеўна, я не зусім вас разумею. Вы ― маці дзяцей, я бацька, таксама дзяцей. І калі мы кажам пра здароўе дзяцей, то вы прапануеце нейкі сутачны гандаль. Калі рашэнне па сітуацыі трэба прымаць імгненна, бо яна ўплывае на здароўе нашых дзяцей! Як бацька, я вас не разумею. Прывядзіце мне довады, чаму, каб зняць інфармацыю, якая пагражае здароўю нашых дзяцей, мы мусім пачакаць тры дні?!”

Відаць, права Мінінфарма блакаваць сайты без суда з законапраекта не выкрасляць.

Другая праблема ― аўтарызацыя наведвальнікаў форумаў. Мінінфарм упэўнены, што гэта новаўвядзенне “дазволіць зняць адказнасць з уладальнікаў рэсурсаў за змест каментарыяў”.

“Калі ўводзім аўтарызацыю, то ва ўладальнікаў больш магчымасцяў паказаць праваахоўнікам кірунак працы, дзе і каго трэба шукаць”, — кажа Павел Лёгкі.

Пры гэтым крыху раней намеснік міністра расказвае, што і сёння міліцыя досыць лёгка можа знайсці любога ананімнага каментатара, адсачыўшы яго па IP-адрасе...

Што да канкрэтнай методыкі аўтарызацыі, то яна яшчэ ў распрацоўцы. Прадстаўнікі інтэрнэт-рэсурсаў кажуць, што ідэнтыфікацыя павінна быць зручнай і разнастайнай, каб быў выбар найбольш простага спосабу для карыстальніка.

“Калі аўтарызацыя будзе складанай ці нязручнай, то на форумных пляцоўках застануцца толькі тыя, хто на працы, нашы “ольгінскія сябры”, і фанаты каментавання. Звычайных, нармальных і разумных каментатараў мы згубім”, ― кажа генеральны дырэктар “Тут бай медыя” Людміла Чэкіна.

― Што, шмат сярод каментатараў “ольгінскіх”? ― напружваецца Павел Лёгкі

― На жаль, шмат, ― адказвае Людміла Чэкіна.

Намеснік міністра пачынае хутка пазначаць нешта сабе ў нататнік.

― Вам гэты факт цікавы? ― здзіўлена пытаецца нехта з прысутных

― Пытанне нацыянальнай бяспекі, ― хутка кідае ў адказ Лёгкі.

Намеснік міністра інфармацыі звяртаецца з просьбай агучваць прапановы па метадах аўтаразацыі каментатараў для абмеркавання.

Сустрэча цягнулася дзве гадзіны, толькі нічога канкрэтнага па заканчэнні яе прысутныя так і не пачулі: ці будуць прапановы БАЖ, Ганны Канапацкай ды журналістаў пачутыя Мінінфармам і ўлічаныя пры падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання? Павел Лёгкі кажа, што ўсе прапановы будуць вывучаныя, нешта ― улічанае. Але пакуль ўражанне, што калі нешта і ўлічаць, то зусім нязначнае. Да прыкладу, прапішуць у законе права ўладальніка заблакаванага сайта праз суд дамагацца адмены блакіроўкі. Бо цяпер, па словах старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, такой магчымасці няма. Як няма гэтага права і ў новай версіі закона “Аб СМІ”.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі