"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль

"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль

Увечары 24 лютага сталічны Prime Hall запаўняецца самай разнастайнай публікай: людзьмі ў вышыванках і хіпстарамі, пузатымі дзядзькамі ды ўрачыста апранутымі сем'ямі. Пасля васьмігадовай вымушанай паўзы ў Мінску нарэшце гучыць "Народны альбом".


"Я быў на самым першым канцэрце "Народнага альбома" — дваццаць гадоў праляцелі незаўважна. Мы з жонкай вельмі любім слухаць, у кожнага з нас ёсць свае любімыя песні і не адна, вось прыйшлі дзяцей пазнаёміць з гэтым творам. Даўно пара было праект вярнуць на сцэну", — кажа Ілля Прохараў.

 

"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
Ілля Прохараў з сямёй

Першаму беларускаму супольнаму музычнаму праекту, прысвечанаму жыццю беларуска-польскага памежжа напярэдадні Другой Сусветнай вайны, які прыдумаў паэт Міхал Анемпадыстаў, а музыку да большасці песень напісаў Лявон Вольскі, сёлета спаўняецца 20 гадоў. І большасць гледачоў ідзе на канцэрт, як дадому, у якім не быў амаль 10 гадоў. 


"Для мяне "Народны альбом" — гэта блізкае, народнае і сямейнае, таму што яго мы слухалі з мамай і татам дома на кухні, і гэта быў элемент чагосьці вельмі хатняга і натхняльнага, — дзеліцца ўспамінамі Ганна Кулакова, якая прыйшла на канцэрт з сястрой Багданай. — Гэта гісторыя, якая актуальная і дагэтуль. То бок, ёсць музыкі, якіх ты калісьці любіў, і гэта прайшло. Тут, наадварот, вельмі свежыя эмоцыі, і вельмі хочацца паўтарыць тое пачуцце дзяцінства. Мы радыя, што гэта адбываецца ў цэнтры Мінска, дзе кожны другі ў гэтай зале сябра ці знаёмы".

"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
Ганна і Багдана

Прыйшлі на "Народны альбом" і тыя, хто толькі збіраецца яго палюбіць.


"Чакаем, што гэта будзе выступ з беларускім ухілам, а нам вельмі цікава ўсё, што звязана з нашай Радзімай і мовай, — перабіваюць адно аднаго муж Віктар і жонка Алена.Наш запрасіў сюды наш пляменнік, і мы радыя, што ёсць у Беларусі прасунутая моладзь. Мы 20 гадоў таму чулі самы пачатковы варыянт "Народнага альбома", але ўпершуню ідзем на канцэрт".

 

"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
Віктар і Алена

І вось на сцэне з'яўляецца банда на чале з імпазантным Лявонам Артуравічам Вольскім, харызматычным Аляксандрам Памідоравым, інтэлігентным Змітром Вайцюшкевічам і элегантнымі Веранікай Кругловай і Касяй Камоцкай пачынаецца драма на мяжы з камедыяй з пераапрананнем, танцамі, жартамі, сумам, рэпам і лірыкай. Музыкі кайфуюць, іх "прэ", яны яшчэ як даюць форы сабе-малодшым на 20 гадоў. А публіка, якая хорам спявае ўсе 27 песень альбома, часам пускае слязу: хто б што не гаварыў, маўляў, абноўлены "Народны альбом" (з музыкамі гурта Apple Tea ды іх калегамі па цэху) стаў іншым, няпраўда: неверагодная атмасфера праекту нікуды не знікла. Таму і клічуць удзельнікаў на доўгі-бясконцы біс і чакаюць чарговага канцэрта праекту, а то і новай "серыі".

 

"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль

"Пасля шыкоўнага бісу мы акурат размаўлялі пра працяг праекту,адкрывае таямніцу Зміцер Вайцюшкевіч.Я думаю, што варта рабіць абсалютна новы спектакль, варта ламаць бар'еры, таму што на жаль, апошнія 15 гадоў беларускі рок-н-рол існуе, а сумесных праектаў у параўнанні з пачаткам 2000-х, не паўстала. То бок, гэта прэтэнзіі да гарадзенцаў, магілёўцаў, Brutto і так далей. Пра што можа быць новы "Народны альбом"? Мяне заўсёды цікавіць каханне, як бы гэта банальна не гучала. Каханне, якое немагчыма памяняць у абменніку, каханне, якое немагчыма пакінуць у спадчыну нашчадкам, немагчыма пакласці ў ячэйку".

Культуролаг Максім Жбанкоў мяркуе, што працягам "Народнага альбома" мог бы стаць сюжэт з "нулявых":


"Гэта таксама мусіць быць гісторыя драматычная, бо "Народны альбом" — гэта не вясёлыя песенькі, а гісторыя, поўная болю і жалю. Чарговы перыяд пералому — магчыма, гэта 00-выя і гісторыя расчаравання ў нацыянальным адраджэнні, скону нацыянальнага рамантызму, перазагрузкі і вяртання да сітуацыі а-ля Андрусь Горват — да сітуацыі малых справаў, сітуацыі прыватнага ментальнага супраціву, да сітуацыі ціхай дэсідэнткі. Горват абсалютна мог трапіць у "Народны альбом" , ён мог бы там пасяціцца і для яго знайшлося б там месца. Гісторыя гэтай пераарыентацыі свядомай меншасці нацыі — гэта магло б быць цікава. Але я не ўпэўнены, што пра гэта трэба казаць у гэтым фармаце і гэтым складам. Патрэбныя новыя героі, а новых драматычных талентаў я, на жаль, не бачу. Ёсць гэтыя старыя ваўкі і ваўчыцы, з іх досведам, драйвам і энергетыкай, а маладыя зусім іншыя. Гурт Navi — такія міленькія, сімпатычныя, гламурненькія, ім няма месца ў гэтай драматычнай прасторы. А старым пра новыя часы сказаць няма чаго. Бо яны самі ў іх згубіліся". 


Па словах Жбанкова, для стварэння "другога" "Народнага альбома" неабходна агульная драматычная сітуацыя, сустрэча геніяльнага тэкставіка, якім ёсць Міхал Анемпадыстаў, з фанстастычным музычным хамеліёнам, якім ёсць Лявон Вольскі, і ідэя супольнага прарыву — музычнай партызанкі, але пакуль гэтага не назіраецца:


"Агульнай казкі, якім калісьці быў "Народны альбом", агульнай мапы Сусвету ў нас не засталося. У старых не засталося ўжо, а ў маладых яшчэ няма. І не факт, што ўвогуле будзе. Няма агульных каардынатаў, няма агульнай стылістыкі, няма агульнай краіны. Што агульнага ў Макса Каржа, гурта  Navi, Аляксандра Памідорава, Віці Марціновіча і Андрэя Курэйчыка? Нічога! Бо ў кожнага свая краіна, свая мапа, у кожнага свой альбом. Але гэта не супольны праект. Але затое мы маем цудоўную паліфанію — шматсерыйны, шматвектарны серыял пра будову інтуітыўнай, мазаічнай, спантаннай беларускасці". 

"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль
"Народны альбом": Варта рабіць абсалютна новы спектакль

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі