“Наша вясна” абскардзіць рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі ў камітэце ААН

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу праваабарончай арганізацыі "Наша Вясна". Праваабаронцы абскарджвалі рашэнне Мінюста аб адмове ў рэгістрацыі.
Суд вырашыў, што чатыры з 71 заснавальніка падалі недакладныя звесткі пра свае адрасы і месцы працы. У прыватнасці, адзін з заснавальнікаў напісаў, што працуе выхавальнікам "у секцыі", а трэба было напісаць "у групе".

Яшчэ адна заснавальніца напісала скарочаную назву навучальнай установы замест поўнай. Таксама суд вырашыў, што гарантыйны ліст аб прадастаўленні арганізацыі юрыдычнага адрасу нельга прызнаць юрыдычна значным.

Хоць пры трох папярэдніх спробах рэгістрацыі "Нашай Вясны" ніякіх прэтэнзій да яго не ўзнікала. На думку юрыста Валянціна Стэфановіча, было прынятае не прававое, а палітычнае рашэнне:

Стэфановіч: “Я лічу, што ўсё можна было выправіць, калі б было жаданне. Я падкрэсліваю — жаданне! Але як сказаў спадар Харытон (прадстаўнік Мінюсту. — Еўрарадыё), Міністэрства юстыцыі не пажадала даць нам адтэрміноўку ў рэгістрацыі, як гэта было і ў папярэднія тры разы”.

Праваабаронцы збіраюцца абскарджваць нерэгістрацыю ў камітэце па правах чалавека ААН.

Аднак, па словах Валянціна Стэфановіча, ужо ёсць рашэнне 2007 года, якое прыняў той самы Камітэт ААН. У рашэнні гаворыцца пра незаконнасць закрыцця беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру "Вясна".

Міжнародная структура патрабавала аднавіць статус арганізацыі і выплаціць яе чальцам кампенсацыю. Аднак беларускія ўлады ігнаравалі рашэнне ААНаўскай структуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі