НАТО "ператварае Вільнюс у крэпасць" напярэдадні саміту з-за блізкасці Беларусі

Вільнюс / Peggy und Marco Lachmann-Anke, Pixabay
Вільнюс / Peggy und Marco Lachmann-Anke, Pixabay

Шаснаццаць хаўруснікаў па НАТО накіравалі каля тысячы вайскоўцаў у Вільню. Яны будуць ахоўваць сусветных лідараў на саміце НАТО, піша Reuters.

Саміт пройдзе 11-12 ліпеня. Такія меры бяспекі прыняты з-за блізкасці Вільнюса да беларуска-літоўскай мяжы.

Напярэдадні саміта ў Літве размяшчаюць перадавыя сістэмы супрацьпаветранай абароны, якіх калісьці не было ў краінах Балтыі. Германія разгарнула тут 12 пускавых усталёвак Patriot, якія выкарыўваюць для перахопу балістычных і крылатых ракет. У аэрапорце Вільнюса былі заўважаны восем такіх пускавых усталёвак. Соплы двух з іх паказвалі ў бок Беларусі.

“Было б больш чым безадказна пакінуць наша неба неабароненым, калі прыбываюць Байдэн і лідары 40 краін”, — заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Іспанія падала Вільнюсу сістэму супрацьпаветранай абароны NASAMS, Францыя адпраўляе туды самаходныя гаўбіцы Caesar. Апроч таго, Францыя, Фінляндыя і Данія размесцяць у Літве вайсковыя самалёты. Таксама Францыя разам з Вялікабрытаніяй перадае краіне сродкі абароны ад дронаў.

Польшча і Германія накіравалі ў Літву сілы спецыяльных аперацый. Яшчэ шэраг краін адпраўляюць абсталяванне для змагання з патэнцыйнымі хімічнымі, біялагічнымі, радыелагічнымі і ядзернымі атакамі.

Літва патроіла колькасць памежнікаў на мяжы з Беларуссю і Расіяй. Да літоўскіх памежнікаў далучыліся афіцэры з Латвіі і Польшчы. Краіны-суседзі Літвы таксама адправілі паліцыянтаў, якія дапамогуць мясцовым афіцэрам патруляваць вуліцы.

Мэр Вільнюса прапанаваў жыхарам горада, які цяпер знаходзяцца ў летнім адпачынку, з'ехаць за горад. Вялікая частка цэнтра Вільні будзе перакрыта на час правядзення саміту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі