Навагодні зварот Лукашэнкі: праверка Еўрарадыё

Хвіліна славы

Пералічэнне поспехаў, якіх беларусы дасягнулі ў 2013 годзе, займае ў Аляксандра Лукашэнкі роўна хвіліну. Вось што ён лічыць патрэбным узгадаць:

— "мы шчыльна падышлі да паспяховага вырашэння дэмаграфічнай праблемы. Упершыню пасля 1990 года забяспечаны прырост насельніцтва краіны";

— "далі старт суперінавацыйнаму праекту — будаўніцтву Беларускай атамнай электрастанцыі";

— "сабраны першы 450-тонны БелАЗ-гігант";

— "мы пабудавалі больш за 5 мільёнаў квадратных метраў жылля";

— "наш экспарт харчавання ўпершыню перавысіў 5 мільярдаў долараў";

— "у Беларусі сыграна на 10 тысяч больш вяселляў і нарадзілася амаль на 4 тысячы больш дзяцей, чым у 2012 годзе";

— "наша краіна ўпэўнена ўваходзіць у лік 50 дзяржаў — лідараў па індэксе чалавечага развіцця ў сусветным рэйтынгу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый".

Выглядае няблага. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, наколькі рэальныя лічбы, агучаныя кіраўніком дзяржавы.

Пра ўпэўненасць

Зазірнуўшы ў аанаўскі Human Development Report 2013, мы насамрэч знаходзім Беларусь у ліку краін з высокім патэнцыялам чалавечага развіцця. Наша краіна размяшчаецца… на 50-м месцы! Ці можна пра такі стан рэчаў казаць "упэўнена ўваходзіць у лік 50 дзяржаваў"?

Займальная дэмаграфія

Дэмаграфічнай статыстыкі за ўвесь 2013 год у вольным доступе няма. Мяркуючы па мінулым годзе, яна з'явіцца пры канцы студзеня. А за студзень-лістапад 2013 года прырост насельніцтва Беларусі склаў… -6553 чалавекі. То бок пакуль што больш дарэчы казаць пра натуральнае змяншэнне.

І тут два варыянты. Альбо Аляксандр Лукашэнка валодае больш свежай статыстыкай, з якой усё ж такі бачны прырост (але наколькі сур'ёзны? Бо ўсяго месяц назад Беларусь была па людзях "у мінусе"), альбо кіраўнік дзяржавы блытае два дэмаграфічныя параметры: прырост і колькасць насельніцтва. Прыросту, як мы бачым вышэй, сёлета няма. А вось колькасць насельніцтва павялічылася на 4 тысячы — за кошт 10543 прыезджых.

Яшчэ адзін нюанс. У навагоднім звароце гучыць, што прырост насельніцтва ў Беларусі — упершыню з 1990 года. А насамрэч з 1990 па 1994 год насельніцтва расло, і толькі пасля пачало падаць. Цікава, што ж такога змянілася ў краіне ў гэты, падаецца, нічым не адметны год?

 

А вось статыстыка па шлюбах і нараджальнасці адпавядае словам кіраўніка дзяржавы. За 10 месяцаў 2013 года — 76  тысяч 226 вяселляў (супраць 65 тысяч 971 у 2012 годзе). А немаўлят нарадзілася на 3,8% больш, чым у 2012-м — гэта якраз амаль 4 тысячы.

5 мільёнаў "квадратаў"

Бадзёрыя рапарты з будаўнічай пляцоўкі Астравецкай АЭС з канца 2011 года зрабіліся звыклай справай. І раптам у навагоднім звароце Аляксандр Лукашэнка гаворыць, што  "суперінавацыйную" атамную станцыю мы пачалі будаваць у 2013 годзе.

Верагодна, кіраўнік дзяржавы мае на ўвазе свой Указ №499 ад 2 лістапада, які развязвае рукі расійскаму "Атамбудэкспарту". Будаўніцтва АЭС павінна скончыцца да 2020 года, то бок на тры гады пазней, чым запланавана першапачаткова.

Што тычыцца інавацыйнасці праекта, то атамных станцый з рэактарамі ВВЭР-1200 у свеце пакуль што насамрэч няма. У канцы 2013 года мусіла стартаваць Новаваронежская АЭС-2, падобная да беларускай. Але яе не дабудавалі: запуск перанесены на канец 2014 года.

Яшчэ адна лічба, агучаная як дасягненне,  — 5 мільёнаў квадратных метраў жылля, пабудаваных у 2013 годзе. Аднак у прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на мінулы год знаходзім іншую лічбу: 6,5 мільёна квадратных метраў! Гэты ,як і іншыя макраэканамічныя параметры, Беларусь у 2013 годзе праваліла. Хваліцца няма чым.

Плюс-мінус

 

Гадавой статыстыкі па экспарце таксама яшчэ няма. Але агучаная Аляксандрам Лукашэнкам лічба цалкам адпавядае прамежкавым вынікам. За тры кварталы мы прадалі за мяжу малака, мяса і іншых тавараў на 3,8 мільярда долараў.

На жаль, нават гэта не дапамагло ўтрымаць у плюсе наша гандлёва-эканамічнае сальда. За студзень-лістапад 2013 года мы экспартавалі на 4,7 мільярда долараў менш, чым завезлі ў Беларусь. Гэта пакуль што самая свежая лічба. Снежаньскае сальда, верагодна, таксама перавысіць 5 мільярдаў долараў. Толькі ў мінус.

Кар'ерны рост

І нарэшце 450-тонны кар'ерны самазвал, які Лукашэнка пратэставаў у кастрычніку 2013 года. Машына настолькі ўнікальная, што, паводле слоў героя Беларусі Паўла Марыева, экскаватараў, якія дазвалялі б яе эфектыўна выкарыстоўваць, у свеце пакуль што не існуе! Дый кар'ераў, у якіх яго можна выкарыстоўваць, няшмат.

Хто вінаваты?

"Вядома, загадваючы жаданні і робячы планы, мы мусім разумець: калі летась мы не дабіліся чагосьці, значыць, самі не надта стараліся і напружваліся. Значыць, самі вінаватыя", — падсумоўвае Аляксандр Лукашэнка.

Што ж, хто б сумняваўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі