Naviband сабраў поўны Re:Public, а "Гісторыю майго жыцця" спявалі хорам
14 лютага ў Мінску адбываецца некалькі аншлагавых канцэртаў. У Prime Hall традыцыйна ў гэты дзень выступае J:морс, у Доме афіцэраў гучыць сімфа-джаз з амерыканцам Сачалам Васандані, у "Бруге" граюць Nizkiz, а Re:Public трашчыць па швах ад фэнаў гурта Naviband. Еўрарадыё доўга вырашае, куды падацца ў Дзень закаханых, і рушыць паглядзець усё ж на прадстаўнікоў Беларусі на сёлетнім "Еўрабачанні": што цяпер уяўляюць сабой іх канцэрты?
Naviband прэзентуюць новы альбом "Ілюмінацыя". Спачатку музыкі выглядаюць засяроджанымі, а пасля пачынаюцца танцы ды гучыць тая самая "Гісторыя майго жыцця", якую клуб спявае хорам. "Наві" разняволеныя і шчаслівыя, прымаюць падарункі, якія часам настолькі расчульваюць Ксюшу, што даводзіцца выціраць слязу.
Падаецца, што на Naviband мусяць прыйсці іх равеснікі — дваццацігадовыя дзяўчаты і хлопцы. Але ў зале апроч іх поўна салідных мужчын у пінжаках і дам у прыгожых сукенках. Ёсць тут таксама прадстаўнікі гурта Nuteki, Мікіта Найдзёнаў (ён зрабіў пераклад песні Джамалы "1944", і ў выкананні Ксюшы Жук і Арцёма Лук'яненкі версія нядаўна расчуліла саму ўкраінскую зорку), а яшчэ прадзюсар Brutto Антон Азізбекян ды жонка Сяргея Міхалка актрыса Святлана Зелянкоўская (нядаўна каманда Міхалка прапанавала Naviband падтрымку ў падрыхтоўцы да "Еўрабачання").