Навукоўцы апісалі новую форму жыцця на Зямлі
Двух прадстаўнікоў новай формы жыцця, выяўленых у акіяне ля берагоў Аўстраліі, немагчыма класіфікаваць ні па адным з вядомых біялагічных тыпаў.
Як мяркуюць даследчыкі, дзіўныя арганізмы, падобныя да напаўпразрыстых грыбоў, могуць адносіцца да старажытных вымерлых формаў жыцця, якія існавалі на Зямлі 600 млн гадоў таму. Гэтыя арганізмы ўяўляюць сабой адзін з ранніх варыянтаў эвалюцыі шматклеткавага жыцця.
Як перадае ВВС, стварэнні, якія атрымалі лацінскі назоў Dendrogramma, не перавышаюць у даўжыню два сантыметры. Яны складаюцца з вонкавага покрыва, невялікага рота і ўнутранага органа — галінастага страўніка, прастора вакол якога запоўнена шчыльным желепадобным рэчывам.
Істоты былі выяўленыя яшчэ ў 1986 годзе. Але толькі цяпер былі нарэшце ўпершыню навукова апісаныя ў публікацыі часопіса Plos One.
Фота — giftcool.ru