Навукоўцы: Свет стаў яшчэ бліжэйшы да ядзернай катастрофы

Стрэлку “гадзінніка суднага дня” перавялі на дзве хвіліны наперад. Цяпер на ім — 23:57. Гэта значыць, што, на думку навуковага часопіса The Bulletin of Atomic Scientists, да моманту глабальнай катастрофы — поўначы — застаецца 3 хвіліны ўмоўнага часу, піша ВВС.

“Сёння, праз 25 гадоў пасля заканчэння халоднай вайны, савет дырэктараў часопіса ацаніў сітуацыю ў свеце і прыйшоў да высновы, што цяперашняе становішча вельмі пагрозлівае для ўсяго чалавецтва — настолькі, што хвілінная стрэлка гадзінніка Суднага дня мусіць цяпер знаходзіцца ў трох хвілінах ад поўначы. Гэта на дзве хвіліны бліжэй да катастрофы, чым ў 2014 годзе”, — паведамляе часопіс.

Галоўнымі прычынамі перавода стрэлак навукоўцы называюць неэфектыўную барацьбу з кліматычнымі зменамі, а таксама мадэрнізацыю ядзернай зброі па ўсім свеце і разадзьмутыя ядзерныя арсеналы. Адсюль верагоднасць глабальнай катастрофы вельмі высокая.

Варта адзначыць, што бліжэй за ўсё да 00:00 стрэлкі гадзінніка падыходзілі ў 1953 годзе, калі ў СССР адбылося выпрабаванне вадароднай бомбы. Тады гадзіннік паказваў 23:58 і свет быў усяго на адну ўмоўную хвіліну бліжэй да катастрофы, чым цяпер. Далей за ўсё ад моманту катастрофы свет быў у 1991 годзе, калі ЗША і СССР падпісалі дамову аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў.

Апошні раз стрэлкі пераводзілі ў 2012 годзе, калі гадзіннік спыніўся на “без пяці поўнач”, на дзве хвіліны наблізіўшыся да “гадзіны ікс”.

Нагадаем, што гадзіннік Суднага дня — праект часопіса Чыкагскага універсітэта The Bulletin of Atomic Scientists, запушчаны ў 1947 годзе па ініцыятыве стваральнікаў першай амерыканскай атамнай бомбы. Кожны год савет дырэктараў часопіса, сярод якіх 18 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, вырашае пытанне аб пераводзе стрэлак, ацэньваючы напружанасць міжнароднай сітуацыі і прагрэс у развіцці ядзернага ўзбраення.


У 1947 годзе аўтары праекта ўсталявалі стрэлкі на 23.53.

Фота: АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі