Не сыходзіцца: правяраем статыстыку прэм'ера Галоўчанкі аб эканоміцы Беларусі

Не сыходзіцца: правяраем статыстыку прэм'ера Галоўчанкі аб эканоміцы Беларусі

Кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка даў у лістападзе вялікае інтэрв'ю дзяржТБ. У размове з журналісткай ён упэўніваў насельніцтва ў галавакружных поспехах эканомікі краіны і называў шмат лічбаў. Але ж некаторыя з іх агучаны, мякка кажучы, не зусім карэктна.

Еўрарадыё разбірае некалькі тэзісаў прэм'ера і тое, што робіцца ў эканоміцы на самай справе.
 

"Па выніках верасня ўзровень складскіх запасаў ніжэйшы, чым на 1 студзеня"

Згодна з апублікаванай статыстыкай, на 1 студзеня складскія запасы складалі 66,3% ад месячнай вытворчасці. У верасні — 68,5%. Гэта значыць, больш.

Магчыма, Галоўчанка меў на ўвазе запасы ў грашовым эквіваленце. Аднак менавіта паказчык у працэнтах лепей адлюстроўвае сітуацыю ў эканоміцы.

Дарэчы, узровень складскіх запасаў у 2020 годзе ўвогуле вышэйшы, чым у папярэднія гады.

"На асноўныя спажывецкія тавары інфляцыя складае 2,4–2,5%"

На 1 кастрычніка інфляцыя (ад снежня 2019-га) складала 5,4%. Па пазіцыі "прадукты харчавання і безалкагольныя напоі" яна сапраўды складала ў сярэднім 2,42%. Але словы прэм'ер-міністра пра тое, што "мяса таннее" — не зусім праўда. У параўнанні з мінулым снежнем яно патаннела на 0,3%, але якраз у верасні — у параўнанні са жніўнем — падаражэла на 1,31%.

Акрамя таго, рыба стала ў перыяд са снежня да верасня даражэйшая на 5,56%, крупы і бабовыя — на 8,75%, а макарона — на 5,66%. Такім чынам, словы Галоўчанкі пра тое, што насельніцтва "амаль не адчувае" росту коштаў, не зусім дарэчы. Можа, для прэм’ера гэта і не асноўныя тавары. Але для большасці насельніцтва — так.
 

"Аб'ёмы куплі валюты насельніцтвам знізіліся ў дзесяць разоў"

Па звестках Нацыянальнага банка, аб'ём куплі валюты насельніцтвам у верасні ў параўнанні са жніўнем сапраўды ўпаў. Але толькі ў 1,6 раза: 1,221 мільярда да 740,6 мільёна.

"Колькасць работнікаў на няпоўнай занятасці і арганізацый з прастоямі ніжэйшая, чым на 1 студзеня"

Белстат не публікуе статыстыку па няпоўнай занятасці, таму праверыць гэтыя словы Галоўчанкі нельга. Але ж летам міністр працы Ірына Касцевіч заяўляла, што за студзень — травень няпоўная занятасць вырасла ажно ў чатыры разы. То-бок, калі ўсё так, як гаворыць прэм'ер, дык за чатыры месяцы, частка якіх прыпала на ўздым пандэміі COVID-19, гэты паказчык упаў больш чым у чатыры разы. Ці магчыма гэта?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі