Не выключаныя новыя санкцыі — у Кангрэс ЗША ўнесеная рэзалюцыя па Беларусі
Кангрэс ЗША / Reuters
У Кангрэс ЗША ўнесеная рэзалюцыя па Беларусі. У дакуменце гаворыцца аб падтрымцы народа Беларусі і асуджэнні сфальсіфікаваных выбараў і рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў, паведамляе БелаПАН.
Дакумент быў перададзены ў Камітэт па замежных справах. У далейшым ён павінен быць разгледжаны на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША.
У рэзалюцыі гаворыцца, што Палата прадстаўнікоў не лічыць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года, свабоднымі і справядлівымі і не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам краіны.
Аўтары дакумента нагадваюць, што за некалькі месяцаў пасля выбараў у краіне былі затрыманыя дзясяткі тысяч грамадзян, у тым ліку журналісты і прадстаўнікі апазіцыі, а праваабаронцы задакументавалі "сотні жудасных паведамленняў аб прымяні катаванняў, сэксуальным гвалце і іншым жорсткім абыходжанні з затрыманымі за ўдзел у мірных пратэстах".
У рэзалюцыі асобна адзначаецца прэсінг у дачыненні да журналістаў: гаворыцца, што прадстаўнікі недзяржаўных СМІ ў Беларусі сутыкаюцца з запалохваннем і крымінальным пераследам, а журналісты замежных СМІ не могуць атрымаць акрэдытацыю.
Рэзалюцыя асуджае парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, заклікае спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
"Палата прадстаўнікоў заклікае Аляксандра Лукашэнку і беларускія ўлады да адкрытага і канструктыўнага дыялогу з членамі апазіцыі і іншымі зацікаўленымі бакамі для мірнай перадачы ўлады", — гаворыцца ў рэзалюцыі. Прычым легітымным інстытутам, які мог бы ўдзельнічаць у гэтым дыялогу, Палата прадстаўнікоў бачыць Каардынацыйную раду, створаную Святланай Ціханоўскай.
У рэзалюцыі таксама змяшчаецца заклік да далейшых санкцый супраць беларускіх улад за парушэнні правоў чалавека і фальсыфікацыю выбараў. Адзначаецца, што санкцыі павінны быць узгодненыя ЗША, Еўрасаюзам, Вялікабрытаніяй, Канадай і іншымі партнёрамі.
Гаворка, сярод іншага, ідзе "аб пераацэнцы любой фінансавай дапамогі, якая аказваецца рэжыму Лукашэнкі, уключаючы ўдзел у эмісіі дзяржаўнага доўгу або кантрактах на закупкі". Пры гэтым рэкамендуецца павялічыць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці.
Раней, у снежні мінулага года быў прыняты абноўлены "Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі", які пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША па ўвядзенні санкцый у дачыненні да Беларусі.
Яшчэ будучы ў статусе кандыдата цяперашні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што мае намер падтрымліваць дэмакратычную Беларусь і будзе працаваць над планам дапамогі разам з еўрапейскімі партнёрамі.
"Я буду працягваць выступаць разам са Святланай Ціханоўскай і народам Беларусі з заклікам да мірнай перадачы ўлады, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і правядзення свабодных і справядлівых выбараў", — гаварыў увосень Байдэн.
Лукашэнка, у сваю чаргу, працягвае настойваць, што прычын для ўвядзення санкцый у дачыненні да яго ў еўрапейскіх краін і ЗША няма. Але пры гэтым рыхтуе чыноўнікаў да новых абмежаванняў. "Нас душылі і будуць душыць. Мы павінны навучыцца супрацьстаяць гэтаму", — гаварыў ён 15 лютага на сустрэчы з кіраўніком Нацбанка Паўлам Калаўрам і свайго памочнікам Валерыем Бельскім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.