"Новы абменны курс: за 5 беларускіх рублёў даюць толькі 2 долары"

Словы Лукашэнкі вырвалі з кантэксту.

“Я калі прыехаў з Прагі, пераслухаў выказванне кіраўніка краіны. І вы ведаеце, ён нідзе не гаварыў пра ўсю гульню зборнай як пра ганьбу. Такая ацэнка датычылася толькі гульняў з канадцамі і расіянамі. Словы Аляксандра Лукашэнкі былі вырваныя з кантэксту”, — паведаміў Ігар Рачкоўскі журналістам. І тут жа заявіў, што асабіста ён лічыць выступленне беларусаў “вельмі паспяховым”.

На прэс-канферэнцыю Рачкоўскі прыйшоў з Андрэем Мезіным, які цяпер працуе ў зборнай ў якасці аднаго з трэнераў, а таксама з хакеістамі Андрэем Сцяпанавым, Дзмітрыем Корабавым, Алегам Явенкам і Кевінам Лаландам. Да апошняга, па зразумелых прычынах, увагі было больш за ўсё.

Ніхто з хакеістаў нават не пытаўся пра бонусы

Пра гэта Рачкоўскі кажа на самым пачатку. І дадае, што лічыць такі факт самым лепшым доказам адданасці хакеістаў. “Ніхто нават не падыходзіў з гэтым пытаннем. Але мы, вядома, у бліжэйшы час вырашым, якім чынам аддзячым хлопцам. Лічу, што яны выклаліся напоўніцу”, — расказвае старшыня федэрацыі. І яшчэ доўга дзякуе журналістам за тую падтрымку, якую яны аказвалі камандзе падчас чэмпіянату. Нячаста такое можна пачуць ад высокага чыноўніка ў адрас СМІ.

У асноўны час мы прайгралі толькі ўладальнікам золата і срэбра!

Гэта яшчэ адзін факт, які Рачкоўскі паўтарае на прэс-канферэцыі некалькі разоў. Праўда, лік, з якім прайгралі, не называе. Відаць, перажывае дагэтуль. Асабліва за гульню з расіянамі. “Усе бачылі, што ў першым перыядзе мы перайгралі расіян. Мы іх перабегалі, больш кантралявалі шайбу. Хто ведае, што магло атрымацца, калі б рэалізавалі буліт, альбо яшчэ закінулі”, — расказвае Рачкоўскі.

Ігар Рачкоўскі

Хакеісты больш гавораць пра гульню з канадцамі. Лаланд перакананы, што гэта быў добры ўрок, і ім варта скарыстацца, бо праз год у Пецярбургу зноў давядзецца выходзіць на лёд супраць зборнай Канады. Таксама расказваюць, чаму менавіта ў адносна слабай каманды Францыі атрымалася супрацьстаяць канадцам (матч скончыўся з лікам 3:2). “Справа у тым, што за дзень перад гульнёй да канадскіх хакеістаў прыехалі жонкі і сяброўкі. І яны сустракалі іх позна, таму на матч з французамі выйшлі не зусім у форме”, — дзеліцца байкай Ігар Рачкоўскі.

Чэхі прыдумалі анекдот пра матч Беларусь-ЗША

“Падыходзілі да мяне пасля таго матчу чэхі са славакамі і пастаянна расказвалі адзін і той жа анекдот. Разоў 40 яго чуў. Анекдот такі: Новы абменны курс — за 5 беларускіх рублёў даюць толькі 2 долара”, — працягвае травіць байкі кіраўнік федэрацыі.

Трэнер па фізпадрыхтоўцы пастаянна ганяў нас

Шмат расказваюць хакеісты і пра новую сістэму фізічнай падрыхтоўкі, якую ў зборнай укараніў расійскі спецыяліст Бурэ. У выніку нашым хакеістам удавалася выглядаць хутчэйшымі нават за амерыканцаў і фінаў. Нападаючы Андрэй Сцяпанаў крыху расказаў, як яны трэніраваліся: “Усяго я расказаць не магу, да Бурэ прыходзяць нават платна індывідуальна трэніравацца. Ды і шмат там рознага. Але агулам так раскажу, што нас спачатку ён прымушаў шмат бегаць на каньках. Без шайбы нават. Проста бегалі і бегалі. Не ўсе хлопцы гэта разумелі, вядома. Мала хто разумеў. Але потым заўважылі, што гэта спрацавала. Нагрузкі мы лягчэй выносілі, выглядалі хутчэйшымі за іншых”.

А Ігар Рачкоўскі дадае, што расіянін працягне працаваць з беларускай зборнай. І не толькі з нацыянальнай — з моладдзю таксама.

Кевін Лаланд

Быў адзін хакеіст — мы яго папрасілі са зборнай

Напрыканцы прэс-канферэнцыі Ігар Рачкоўскі згадвае пра тых, хто ў Астраву і Прагу не даехаў. Кажа, што ніякіх прэтэнзій не мае да Міхаіла Грабоўскага і Уладзіміра Дзянісава. “Хлопцы самі тэлефанавалі, расказвалі, як ёсць. Раіліся, што ім рабіць. Да іх няма ніякіх пытанняў”, — гаворыць Рачкоўскі. Пра Джэфа Плата, які замест выступлення за зборную Беларусі абраў жаніцьбу, гаворыць больш стрымана: “Ён на вяселле адпрошваўся ў мінулага кіраўніцтва федэрацыі. Гэта было год таму. У прынцыпе, да яго не можа быць прэтэнзій. Яго адпусцілі”.

Яшчэ пра аднаго хакеіста кіраўнік федэрацыі выказваецца куды больш негатыўна. Праўда, не называе імя: “Прыехаў адзін хакеіст. Без формы нават, без нічога. Навошта такое стаўленне? Яго адправілі дадому”.

Дэйв Льюіс застаецца

Больш за ўсё на прэс-канферэнцыі хваляць трэнера Льюіса. Нават шкада, што яго самога не было. Рачкоўскі паведаміў, што Льюісу прапануюць кантракт на тры гады і ўсяляк нахвальваў спецыяліста. “Я пасля завяршэння апошняй гульні зайшоў да хлопцаў і спытаўся ў іх, ці хочуць яны, каб Дэйв застаўся. А перакладчыка папрасіў гэтыя мае словы трэнеру не перакладаць. Хлопцы ўсе сказалі, што хочуць. Тады ўжо Льюісу ўсё пераклалі, мы пачалі абмяркоўваць, што будзе далей”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі