Новы фільм пра Джэймса Бонда б’е рэкорды ў першыя дні пракату
Фільм пра Джэймса Бонда “Спектр” б’е рэкорды брытанскага пракату. 9,2 млн ён атрымаў за першыя поўныя суткі пракату — у аўторак, 27 кастрычніка, а яшчэ 6,4 млн — за няпоўныя суткі непасрэдна пасля прэм’еры 26 кастрычніка. Такім чынам, на дадзены момант зборы фільма склалі 15,6 млн долараў паведамляе сайт Variety.com. Гэта больш за любы іншы фільм у гісторыі брытанскага пракату.
Прэм’ера фільма адбылася ў ноч на панядзелак, 26 кастрычніка, у Лондане. Урачыстае мерапрыемства прайшло ў Альберт-холе. Яго наведалі акцёры, якія выканалі галоўныя ролі: Дэніэл Крэйг, Моніка Белучы, Леа Сейду, а таксама вялікая колькасць ганаровых гасцей, у тым ліку члены каралеўскай сям’і: прынцы Гары, Уільям і яго жонка Кейт Мідлтан.
Кінакарціна “Спектр” — 24-ы фільм пра суперагента 007. Па сюжэце Джэймс Бонд змагаецца з таемнай арганізацыяй “Спектр”. Беларускія гледачы ўбачаць яго 6 лістапада, калі кіно трапіць у сусветны пракат.
Фота: variety.com