Новы кіраўнік БПЦ не зможа захаваць свой расійскі пашпарт

“Інфармацыі пра тое, што мітрапаліт Павел не хоча атрымліваць беларускае грамадзянства, у нас няма. Мы пра гэта не ведаем”, — чую ад супрацоўніцы Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі.

Там ахвотна прызнаюць, што згодна з беларускім заканадаўствам, кіраваць рэлігійнай арганізацыяй можа толькі грамадзянін Беларусі. Ніякіх выключэнняў не прадугледжана. За больш падрабязнай інфармацыяй мяне адсылаюць у Мінюст і Міністэрства замежных спраў.

Тое, чаго не ведаюць чыноўнікі па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, ведаюць у інфармацыйным агенцтве БелаПАН, якое цытуе апошняе выказванне мітрапаліта Паўла аб нежаданні адмаўляцца ад расійскага пашпарта.

“Улічваючы, што Беларусь і Расія гэта Саюзная дзяржава, сёння, напэўна, вострай неабходнасці няма прымаць грамадзянства Беларусі”, — заявіў новапрызначаны кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы.

І дадаў, што ў прынцыпе, гатовы атрымаць беларускі пашпарт. Не адмаўляючыся пры гэтым ад расійскага.

Але акурат з гэтым у Паўла могуць узнікнуць праблемы. Згодна з беларускімі законамі, атрымаць беларускі пашпарт, не адмовіўшыся ад расійскага, немагчыма. У Аддзеле па грамадзянстве кажуць, што грамадзянін Расіі, якому раптам спатрэбіцца беларускі пашпарт, павінен напісаць заяву аб выхадзе з расійскага грамадзянства.

“Абавязковая ўмова ў нас такая — альбо чалавек ужо ўвогуле не мае грамадзянства і звяртаецца па беларускае, альбо ён павінен звярнуцца ў сваё пасольства з заявай аб выхадзе з грамадзянства… Якія тут могуць быць выключэнні? Закон ёсць закон”.

Тым часам, з моманту прызначэння грамадзяніна Расіі мітрапаліта Паўла на пасаду кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы прайшоў месяц. І выглядае на тое, што дакументы на новае грамадзянства ён пакуль нават не падаваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі