Новы рух Някляева правёў сход ініцыятыўнай групы

Пад Мінскам адбыўся сход ініцыятыўнай групы па правядзенні ўстаноўчага з'езду грамадскага руху "За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі". Ініцыятарам яго стварэння з'яўляецца вядомы палітык і паэт Уладзімір Някляеў.

Як перадае Радыё "Свабода", удзел у сходзе прынялі прадстаўнікі з розных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі, а таксама вядомыя палітычныя і творчыя дзеячы, грамадскія актывісты. З вядомых асобаў называюцца навуковец Лявон Баршчэўскі, мастакі Алесь Шатэрнік, Аляксей Марачкін, Язэп Янушкевіч, рэжысёр Валерый Мазынскі ды іншыя.

На сходзе Някляеў зазначыў, што небяспека для незалежнасці і сувэрэнітэту Беларусі як ніколі вялікая. Па яго словах, галоўны сэнс стварэння руху — "супрацьстаянне расійскай экспансіі".

Намеснікам Уладзімера Някляева ў стварэнні руху стаў вядомы грамадскі актывіст з Кобрына Аляксандр Мех. Таксама намеснікамі будуць прадстаўнікі з кожнай вобласці Беларусі.

Пытанне ўдзелу альбо няўдзелу руху ў сёлетніх выбарах будзе вырашацца падчас пасяджэнняў ініцыятыўнай групы бліжэйшым часам.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі