Новым амбасадарам у Беларусі будзе экс-супрацоўнік Савета бяспекі Расіі
Крэсла расійскага амбасадара ў Беларусі замест Дзмітрыя Мезенцава неўзабаве зойме Яўген Лук'янаў, піша газета "КоммерсантЪ" са спасылкай на ўласныя крыніцы. Паведамляецца, быццам яго кандыдатура ўзгодненая паміж афіцыйным Мінскам і Масквой.
Як паведамлялася раней, Дзмітрыя Мезенцава плануюць перавесці на пасаду сакратара Саюзнай дзяржавы замест Рыгора Рапоты.
Лук'янаву 69 гадоў. Апошнія чатыры гаду ён працуе амбасадарам Расіі ў Латвіі. У яго ёсць досвед банкаўскай працы, а таксама працы ў расійскім Савеце бяспекі — там ён служыў намеснікам сакратара і займаўся міжнароднымі пытаннямі.
Лук'янаў публічна каментаваў канфліктныя сітуацыі — напрыклад, казаў, што ўкраінскі Майдан 2013-2014 гадоў арганізаваў Захад, каб ускладніць жыццё Расіі. Заяўляў, што на тэрыторыі Польшчы дзейнічалі "лагеры па падрыхтоўцы баевікоў".
За апошнія тры гады Масква прызначыць трэцяга амбасадара ў Мінску. Паводле "Коммерсанта", Лук'янаў, як і Міхаіл Бабіч і Дзмітрый Мезенцаў, не кар'ерны дыпламат, а палітычны прызначэнец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.