NUTEKI пачынаюць новы інтэрнацыянальны этап з ЕР "THE BGNNG" (тызер)
Міні-альбом музыкаў дэманструе паварот у рокавы кірунак і абяцае працяг.
Гурт NUTEKI выклаў у сеціва тызер да свайго новага ЕР "THE BGNNG". Назва расшыфроўваецца як “the beginning” (пачатак). Новую працу музыкі называюць, з аднаго боку, вынікам 7-гадовай гісторыі каманды, з іншага — пачаткам новага этапа.
“Мы разважалі, у які бок хочам рухацца далей, таму зрабілі пласцінку больш рокавай і жывой, — распавядае лідар гурта Міхаіл Накарашвілі. — 6 песень, якія складуць ЕР, падобныя па стылістыцы, яны дапаўняюць адна адну. Да таго ж, сам матэрыял гучыць па-англійску. Гэта першая сур’ёзная праца такога кшталту, якая дапаўняе нашу агульную праграму. Яна цягнецца 40 хвілін”.
ЕР "THE BGNNG", кажуць музыкі, гэта першая частка будучай пласцінкі каманды. Час з’яўлення другой часткі залежыць шмат у чым ад рэакцыі публікі на "THE BGNNG", але гэта дакладна здарыцца ў бягучым 2014-м.
“Ідэі “Нутэкаў” застаюцца старымі: глыбокі пасыл, тэксты з сэнсам, мы выкарыстоўваем электроніку, як гэта рабілі і раней — эксперымент застаецца, але гучанне ўсё ж робіцца больш дарослым і больш рокавым”, — працягвае Міхаіл.
"THE BGNNG" Nuteki таксама называюць першым крокам у свет інтэрнацыянальнай музыкі. Пласцінку музыкі пакажуць у межах тура па 25 гарадах СНД і Еўропы, сярод якіх Германія, Славакія Швейцарыя, Польшча, Чэхія, Эстонія. 2 красавіка каманда выступіць у Брэсце. А 6-га прэзентуе ЕР у сталічным клубе “Піраты”.