NUTEKI: Калі б мы бралі ўдзел у "Еўрабачанні", Беларусь бы запомнілі, 100%!

Гурт NUTEKI ўсё радзей можна ўбачыць у Беларусі — маладыя і амбітныя музыкі ўжо добра вядомыя за межамі нашай краіны. На Радзіме пра гурт даведаліся перш за ўсё дзякуючы ўдзелу ў беларускім адборы на "Еўрабачанне". На думку музычных экспертаў, менавіта NUTEKI маглі б прынесці нашай краіне прызавое месца ў конкурсе. Ці працягнуць музыкі ўдзельнічаць у песенным конкурсе і ў гэтым годзе, і ці стане новы сінгл гурта "Дыши со мной" чарговы заяўкай на ўдзел у ім, у студыі Еўрарадыё расказваюць вакаліст каманды Міша Накарашвілі і гітарыст Саша Наумаў.

Першы кантракт на Захадзе і "Еўрабачанне"

Еўрарадыё: Ці можна казаць, што свежы сінгл "Дыши со мной" стане вашай новай заяўкай на ўдзел у "Еўрабачанні"?
 

Міша: Мы акурат цяпер абмяркоўваем гэтае пытанне і вырашаем, ці будзем мы наогул ўдзельнічаць у "Еўрабачанні" ў гэтым годзе. Выразнага рашэння няма. Таму што на дадзены момант наша каманда стаіць перад вырашальным крокам і чымсьці больш на Захадзе. Мы канцэнтруем ўсе нашы рэсурсы і час на тым, каб дасягнуць важных вынікаў ў 2014-м годзе — мы ў стадыі падпісання нашага першага "заходняга" кантракту. Таму цяпер наша задача — збіраць як мага больш матэрыялу і пісаць як мага больш песень.

Што тычыцца ўдзелу ў "Еўрабачанні", па выніках апошніх двух гадоў мы не ўпэўненыя, што яно таго вартае. Уся гэтая шуміха ўляжацца праз месяц, а нам давядзецца рухацца далей і вырываць увагу слухача зноў і зноў. Песня "Дыши со мной" у нас гатовая, і кліп ёсць, і, вядома, хлопцы хочуць, каб менавіта яна стала нашай заяўкай на ўдзел у "Еўрафэсце". Але ці трэба гэта "Еўрафэсту" і нашым людзям? Бо, па сутнасці, гэта ва-банк і стрэл у невядомае. Год таму мы пра гэта б нават і не думалі. А вось сёння.... Мы не хочам выступаць, абы выступіць. Мы будзем рыхтавацца, будзем прыдумляць шоў. Я ведаю, як мы працуем, і таму разумею, што проста месяц-паўтара выпадзе з жыцця.

Еўрарадыё: Гэты недавер да праекту сфармаваўся ў вас менавіта ў Беларусі? Можа, вы хочаце паспрабаваць сябе, узяўшы ўдзел у конкурсе ад Расіі ці Украіны?
 

Міша: Што мне табе сказаць? (Смяюцца)

Еўрарадыё: Праўду!

Міша: Мы ведаем сітуацыю ў Украіне і Расеі — мы ж дастаткова інтэрнацыянальны гурт! Розніца невялікая. Калі яшчэ можна ўявіць, што ва Ўкраіне больш свабодна ідзе сітуацыя з творчасцю, то ў Расіі не лепшая сітуацыя, даверу няма ні да якога журы, і нідзе. Праекты і конкурсы на тэлеканалах і медыя-рэсурсах ствараюцца загадзя пад артыста. Таму мы даўно перасталі верыць у нейкую аб'ектыўнасць конкурсаў, і мы рэдка ў іх ўдзельнічаем.

Калі б мы бралі ўдзел у "Еўрабачанні", Беларусь бы запомнілі. Даю вам 100%!

Еўрарадыё: Як вы самі лічыце, чаму вы не перамаглі ў беларускім адборы? Што стала асноўнай прычынай? 

Міша: На мой погляд, журы конкурсу не зусім кампетэнтнае. Хоць вынікі і былі вельмі прадказальныя, мы не чакалі, што гэта будзе настолькі нахабна. Мы не верым у аб'ектыўнасьць галасавання і ў тое, што гэта быў вельмі моцны нумар і наймацнейшы артыст. Тут няма віны Алёны Ланской. Проста гэта нейкая схема, якая працуе ўсюды.

Такое ўражанне, што ў тых, хто ў выніку выбірае артыста, няма такой мэты, каб краіна паказала сябе сапраўды на высокім узроўні і заваявала пэўныя пазіцыі. А такой мэты сапраўды няма — павінен паехаць хтосьці, хто павінен паехаць.
 

Я не скажу, што мы былі лепшымі і што мы — суперартысты. Мы дастаткова самакрытычныя і перакананыя, што можна было выступіць лепш. Але Беларусь бы запомнілі! Я вам даю 100%. Гэта не быў бы проста нумар з падтанцоўкай. Можа, мы б не занялі 1-е месца, але нас бы адназначна запомнілі!

Еўрарадыё: Пасля гэтых слоў нават мне хочацца спытаць: дык, можа, усё ж такі яшчэ разочак?

Міша: Не ведаю (смяюцца). Пакуль паводле папярэдніх планаў, у лютым-сакавіку мы адправімся на стварэнне нашага першага альбома на . Гэты альбом будзе кантрактным.

 

Пісаць нешта на рускай — для нас гэта ўжо выклік! Наша мэта — Амерыка і Азія

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас ужо нейкая стратэгія для заваявання Захаду, і ці можам мы казаць, што цяпер вы будзеце займацца толькі альбомам?

Саша: Цяпер мы знаходзімся ў стадыі запісу новага альбома. Раней мы пісалі шмат песень на рускай мове, але цяпер, напэўна, для нас гэта ўжо выклік, пісаць нешта на рускай. Цяпер большасць нашых песень на англійскай, і мы нават не ўяўляем, як гэта можа гучаць па-іншаму.

Міша: Што тычыцца стылю, мы зыходзім з таго, што наша музыка павінна быць максімальна меладычнай. І другое — мы зыходзім з паняцця груву, які абавязкова павінен быць у нашай музыцы. У нас куча напрацовак, якія мы збіраем у турах. Наша задача — аформіць усё гэта ў адзіным стылі, каб гэта не было занадта разнамасна. Можа быць, гэта і ёсць невялікая памылка, якую мы дапускалі да гэтага з "Нутеками" — у нас вельмі разнамасная музыка. Людзі не разумеюць выразна, хто мы. Ці то мы рок-банда, ці то мы наогул граем нейкую электронную папсу. Мы проста рабілі тое, што нам здавалася правільным, нам ніхто нічога не падказваў.

Цяпер прайшоў перыяд пераасэнсавання і усведамлення. Мы рады, што гэта адбылося менавіта так, за пяць гадоў мы напрацавалі велічэзны досвед. І сёння мы гатовыя рабіць першыя і, галоўнае, пісьменныя крокі ў заходнім рынку. Наша мэта — напісаць 30-40 песень для новага альбома.

Еўрарадыё: Ці ёсць ужо нейкія дамоўленасці з саўнд-прадзюсарамі?

Міша: Я не буду раскрываць імя саўнд-прадзюсара, з якім мы, магчыма, пасупрацоўнічаем на Захадзе — магчыма, мы абярэм нейкую іншую прапанову. Але скажу, што яго альбомы прадаюцца мільёнамі, і ў прынцыпе, мы гатовыя выдаць наш матэрыял менавіта з ім. Цяпер мы адбіраем хіты і шукаем новыя мелодыі. Наша задача, каб кампетэнтныя людзі маглі адабраць з іх 12-14 песень, якія ўвойдуць у гэты альбом. І хоць для мяне, як аўтара песень, кожная кампазіцыя добрая, тут трэба будзе даверыцца дасведчаным людзям, якія ведаюць, якія песні і ў якую абалонку абгарнуць. А потым мы возьмем тыя песні, што засталіся, выдадзім "Limited Edition From NUTEKI " і выкладзем у вольны доступ.


Цяпер мы хочам зрабіць "ход канём": калі мы дасягнем пэўных вынікаў у Амерыцы, Еўропа "залічыцца" аўтаматычна. Калі мы будзем ахопліваць толькі Еўропу, самы галоўны рынак музыкі можа так і не даведацца пра нас. Наша задача цяпер — зрабіць правільныя крокі ў Амерыцы. Далей наша мэта — не Еўропа, мы б хацелі шчыльна ахапіць азіяцкі рынак. Таму што тое, якой папулярнасцю карыстаюцца NUTEKI менавіта ў азіяцкіх слухачоў, выклікае цікавасць. Да таго ж, мы папулярныя ў жыхароў Лацінскай Амерыкі, нас гэта вельмі здзіўляе!

Бо ў нас няма нават іспанскай гітары (смяюцца)!

Мы хочам сказаць моладзі з рэгіёнаў, што ўсё магчыма або "Ад Бабруйска да Нью-Ёрка"

Еўрарадыё: То бок кнізе пад назвай "Ад Бабруйска да Нью-Ёрка" быць?

Міша: Ёсць важнейшыя рэчы, якія павінен зрабіць у жыцці чалавек. Акрамя прыпавесці "пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і нарадзіць сына", мы з хлопцамі бачым нейкую значнасць яшчэ і ў прафесійнай дзейнасці і ў тым, які след мы хацелі б пакінуць. Я хачу напісаць гэтую кнігу не для таго, каб проста напісаць. У нас ёсць гісторыя, як мы прайшлі пэўны шлях. І мы проста хочам сказаць моладзі з рэгіёнаў, што ўсё магчыма, калі яны возьмуць сваё жыццё і накіруюць яго ў правільным кірунку, павераць у сябе і будуць ісці наперад. Таму гэта вельмі важна.

Еўрарадыё: Вы дабіліся б такога хуткага поспеху, калі б засталіся ў Беларусі?

Міша: Цяжка казаць, але мне здаецца, што наўрад ці. Таму што дыскамфорт, які дастаўляла нам Масква і тыя выклікі, якія мы атрымлівалі, рухаючыся па новай тэрыторыі, прымушалі нас хутка вучыцца і шмат працаваць, быць больш выніковымі. Калі б мы проста былі ў зоне камфорту, можа быць, спатрэбілася б 10 гадоў, каб зразумець тое, што мы зразумелі, і пачаць рабіць смелыя крокі. Можа быць, і не было б нічога. Пастаянна пад бокам была б маміна катлета і думкі людзей, якія б казалі: "Ну добра ўжо, забей! Пачні жыць нармальным жыццём! Навошта табе гэтыя ахвяры?".
 

Мы павінны зрабіць тое, пра што мы марым. Гэтае ўсведамленне і ўнутраныя рашэнні адбыліся ў тых сціснутых абставінах. Той ціск, які ствараўся з-за таго, што мы з'ехалі з дома, падштурхоўваў нас да многага. Калі ты хочаш, каб страла паляцела максімальна далёка, яе трэба нацягнуць максімальна моцна. Але я думаю, што ўсё самае цікавае яшчэ наперадзе. Цяпер мы спрабуем больш рыхтаваць сябе ўнутрана да таго, каб спасцігаць новыя тэрыторыі.

Саша: У той кнізе, якую мы напішам, гэтыя пяць гадоў будуць парай радкоў або главой.

Міша: Магчыма, гадоў праз 20 мы ўспомнім: "О, калісьці мы ў Маскве жылі! О, яшчэ і гэта было! "Магчыма, так усё павернецца, што сэнс таго, што мы рабілі ў СНД, будзе мінімальным. Таму што людзям прасцей праходзіць выпрабаванні, калі нічога няма. А калі надыдзе іншы ўзровень, захаваць сябе вельмі важна. І апошнія некалькі гадоў мы думаем не над тым, што мы хочам дамагчыся поспеху, а над тым, што мы будзем з гэтым поспехам рабіць.
 

Па сутнасці, шоў-бізнэс — гэта схемы, якія павінны спрацаваць, калі іх правільна замкнуць. Ключавое не жаданне атрымаць поспех, а ўнутраны стан, што я гатовы стаць настолькі паспяховым, наколькі я ўяўляю. Табе любы скажа: "Дай жабраку мільён, і ён праз месяц стане жабраком. Адбяры ў багатага мільён, і ён праз месяц стане багатым". Гэта наша гісторыя. Мы выпускалі дзясяткі кліпаў і рабілі дзесяткі альбомаў на голым энтузіязме. Сёння ў нас ёсць пэўны вопыт і разуменне таго, што трэба рабіць, а што не.

Еўрарадыё: Як сумясціць вялікую сцэну, вялікія грошы, вялікую папулярнасць і вашы хрысціянскія прынцыпы?

Міша: Сумясціць можна ўсё што заўгодна, калі хацець гэта сумясціць. Калі людзі, дамагаючыся поспеху, адмаўляюцца ад сваіх хрысціянскіх прынцыпаў, гэта не значыць, што гэты ўзровень занадта складаны для іх. Тое, для чаго мы ўсё гэта робім, значна мацней жадання пісаць музыку. Ёсць куча шляхоў, як можна зарабіць грошы для кожнага з нас са значна меншым коштам. Кожны дзень чалавек выбірае, як яму паступаць. Сёння страціць хрысціянскія прынцыпы можна ў любой сітуацыі, для гэтага не трэба быць на сцэне або быць суперпапулярным.

Мне складана сказаць, што вось, мы такія малайцы, і будзем усё заўсёды рабіць правільна. Ды не ў гэтым сэнс! Ёсць велічэзная розніца паміж рэлігіяй і верай, я заўсёды пра гэта кажу. Таму што рэлігія па сутнасці — гэта зводка правілаў, выконваючы якія ты будзеш звязаны з нейкай субкультурай. А вера — гэта разуменне таго, навошта я выконваю гэтыя прынцыпы. Я бачу сілу ў сваіх прынцыпах, яны дапамагаюць мне быць шчаслівым.

Мы не хочам быць субкультурнымі

Еўрарадыё: Тым не менш, вы не хочаце, каб вашу музыку "ўпісвалі" у хрысціянскі рок?

Міша: Ну так, гэта нейкі ярлык, які вешаюць. Што такое хрысціянскі рок? Гэта рок, які грвюць у царкве? Мы — хлопцы, у якіх ёсць вера. Хрысціяне, аб'яднаныя ў музычны гурт. Натуральна, нашы перакананні маюць прамое адлюстраванне ў тым, што мы спяваем і робім. Але гэта як ярлык, калі чалавек глядзіць і не разумее: "Гэта не мая субкультура". Мы робім музыку для ўсіх, мы не хочам быць субкультурнымі.

Саша: На Захадзе сапраўды ёсць такі стыль як хрысціянскі рок.

Міша: А я вам скажу, чаму ён там ёсць! 30% насельніцтва ў Амерыцы лічаць сябе пасвячонымі хрысціянамі. То бок, гэта людзі, дома у якіх ёсць біблія, і яны яе кожны дзень чытаюць. Вы спытаеце людзей на вуліцы, што такое хрысціянскі рок? Яны толькі паглядзяць здзіўлена. Таму тут няма ніякага сэнсу так называць сваю музыку. Наша музыка для ўсіх! Яна з прынцыпамі, таму што мы з прынцыпамі. Гэта звычайная мараль, якую мы нясем праз тое, што мы робім.

У Мінску часцей чым раз на год не выступіш. Мы проста нерэальнымі намаганнямі сабралі 750 чалавек

Еўрарадыё: Як вы самі характарызуеце свой стыль? Каб даць нейкае разуменне слухачу, хто вы.

Міша: Мы — рок-банда, мы вырашылі гэта даўным-даўно. Потым быў перыяд пошуку, мы спрабавалі атрымаць сваё месца пад сонцам і спрабавалі відазмяняць фармат для чагосьці. Цяпер мы зразумелі, што гэта не прыносіць наогул нічога. Таму мы выбралі тое, што нам падабаецца цяпер — гэта рок-музыка, але гэта не клубны, а стадыённы рок. Гэта рок, які можна праспяваць з 40-тысячнай аўдыторыяй, зрабіць добрае шоў.

Еўрарадыё: Таму вы мала гуляеце ў Беларусі? У нас тут бяда са стадыёнамі?
 

Міша: Не, мы цяпер проста ўсё пераасэнсоўваем. Раней кідаліся на ўсё і гралі ўсюды, куды звалі. Цяпер мы вельмі асцярожныя з выступамі. Што да выступаў, для нас Беларусь — гэта Мінск, мы не гралі ў рэгіёнах. Ды і ў тым жа Мінску часцей чым раз на год не выступіш. Вось мы ўжо выступілі двойчы, цяпер трэба будзе год паўзу трымаць (смяюцца).


На прэзентацыі нашага акустычнага альбома ў ГЦ "Сталіца" на працягу дня сабралася 10 тысяч чалавек. А роўна праз месяц у нас быў канцэрт у "Рэпабліку", для якога мы рабілі крутое шоў з фаершчыкамі і здымалі live-DVD. Мы чакалі біток, бо падчас нашай прэзентацыі пра нас даведалася столькі чалавек! У выніку мы проста нерэальнымі намаганнямі сабралі 750 чалавек.

Еўрарадыё: Хто адказвае за ваш імідж і вобразы?
 

Саша: Наш другі вакаліст, Моця (Кірыл Мацюшэнка, — заўв.рэд.) Не толькі на канцэртах чытае рэп, але і адказвае за вельмі важную частку ў гурце, імідж. Усё, што тычыцца нашых прычосак, вобразаў і нават таго, у якім парадку мы стаім на фотаздымках, — гэта справа рук Моці! Іншымі словамі, Моця выдатна дапаўняе каманду так, каб яна была сапраўды эксклюзіўнай, і на яе было цікава глядзець.

Еўрарадыё: Чаму вы пазіцыянуеце сябе, як гурт з Расіі?

Міша: Мы стварылі гурт ў Маскве, у нас інтэрнацыянальная каманда. Я і Моця з Беларусі, але як каманда мы склаліся ў Расіі. Напэўна, Масква — гэта брэнд. А ведаеце, чаму ўсё так? Для нас няма ў гэтым нейкага пытання патрыятызму. Сітуацыя, якая складваецца вакол нашага музычнага рынку, аддаляе ад патрыятызму. Гэта значыць, ты не разумееш, навошта табе пазіцыянаваць сябе, як беларускага артыста, калі самой краіне гэта не трэба. Калі б былі нейкія прагрэсіўныя рэформы ў галіне культуры, я б усім і ўсюды казаў, што я з гэтымі хлопцамі з адной краіны і ўсюды бы на афішах стаў пісаць "Мінск. Беларусь".

(Задумаўся)

Можа, і варта было б назваць наш гурт беларускім, але, а як жа 4 хлопцы з Расіі, якія з намі граюць? У ракурсе будучыні і таго, што мы будзем рабіць, наогул складана называць сябе расійскім або беларускім гуртом. Гэта будзе мець сэнс, калі мы паедзем у наш першы сусветны тур, і мэнэджар скажа: "Усюды sold out". І ў гэты самы момант я б хацеў нешта зрабіць для нашай краіны. Я б хацеў, каб нашы песні слухалі дзясяткі тысяч людзей па ўсім свеце і ведалі, адкуль мы. І каб гэта быў не нейкі там лёгкі "шарм": "З Расіі? О, цікава! Балалайка і мядзведзі!". "З Беларусі? О, яшчэ цікавей! Бульба!" Такіх асацыяцый я не хачу. На дадзеным этапе нашай кар'еры я не думаю, што гэта тая праблема, пра якую важна цяпер думаць.

Еўрарадыё: Калі вы з Кірылам толькі з'ехалі ў Маскву, то пазіцыянавалі свой гурт як самастойны, а не прадзюсерскі праект, у адрозненне ад вашага першага гурта Kifa. Якая сітуацыя цяпер?

Міша: На сёння мы ўсе рашэнні прымаем самі. NUTEKI — не прадзюсерскі праект. Чаму мы хочам раіцца, падкрэсліваю, раіцца з саўнд-прадзюсарам? Таму што гэта чалавек, які добра арыентуецца ў музычным рынку. Ты — бізнэсмэн, табе патрэбны мэнэджар або бухгалтар, да прыкладу. Але гэта ніяк не перадае кіраванне з тваіх рук у іншыя. Ўвесь заходні бізнэс пабудаваны менавіта так — вакол артыста. Да таго часу, пакуль артыст не складае кантракт з лэйблам, калі пэўная каманда людзей пачне прымаць рашэнні за яго. Для нас гэта пакуль крок нумар сем. Калі мы будзем там — будзем разумець, ці патрэбны нам лэйбл.

У нас так і не атрымалася напісаць варты рускі хіт

Еўрарадыё: На дадзены момант вы працуеце над новым матэрыялам у Беларусі. Скажы, хадзіце ці на нейкія канцэрты?
 

Міша: Ну, вось мы выступілі на фінале GBOB, дзе было шмат розных каманд. Хоць мы і самі здзівіліся, што там апынуліся, паколькі не зусім разумелі фармат мерапрыемства.

Еўрарадыё: Так, але вы паспелі напалохаць музыкаў за час саўнд-чэка! Некаторыя з іх вырашылі, што вы таксама канкурсанты!

Міша: Мы выступілі ў якасці гасцей (смяюцца). На жаль, мы не змаглі застацца на ўвесь конкурс, на той момант толькі вярнуліся з тура і былі жудасна стомленыя. Але, тым не менш, мы стараемся сачыць за беларускай сцэнай, і ёсць пара каманд, за якія адчуваеш гонар. Напрыклад, The Toobes, якія робяць вельмі годную музыку і якую не сорамна ўключыць любому. Мы респектуем гэтай камандзе, хоць яны пра гэта і не ведаюць, мы асабіста не знаёмыя (смяюцца). Ну, і, вядома, усюды, куды б мы не прыязджалі, у пашане "Ляпісы".

Еўрарадыё: Самі якую музыку слухалі?

Міша: Нам пашанцавала, мы слухалі шмат заходняй музыкі. Калі мы прынялі рашэнне, стварыць свой гурт, першай парадай, якую нам далі, было "Нея слухайце рускую музыку". Таму ў нас, напэўна, і не атрымалася напісаць варты рускі хіт! Хоць былі, вядома, выключэнні. Напрыклад, я памятаю, як мы фактычна зацерлі да дзірак касету з песнямі гурта "5'nizza". Мы слухалі Linkin Park, P.O.D., Nirvana, Limp Bizkit, Eminem. Хрысціянскі рок па нас таксама добра прайшоўся! Прагульвалі урокі ў школе, збіраліся ў мяне дома і слухалі музыку. А цяпер, бачыш, у нас таксама ёсць песня "Please, don't stop!" І, дарэчы, дзеці, не прагульвайце ўрокі!

Мы верым, што можам стаць правільнымі героямі для гэтага пакалення

Еўрарадыё: Пра дзяцей. Чула, што, Міша, цяпер ты сам часта ездзіш у розныя навучальныя ўстановы, асабліва да цяжкіх падлеткаў, праводзіш з імі гутаркі. Пра што вы гаворыце, і якія пытанні табе часцей за ўсё задаюць?

Міша: Я кажу аб прынцыпах скрозь прызму свайго жыцця. Прынцыпы — гэта тое, што згубленае ў дадзеным пакаленні наогул. Калі я прыязджаю, перш за ўсё пытаюся ў хлопцаў, якія прынцыпы ёсць у іх. На гэтае пытанне няма ніякага адказу. Для іх прынцыпы — гэта сацсеткі, адзенне. Я кажу з імі аб правільным выбары. Вуліца сёння дыктуе ім рашэнне праблем. Яна кажа "бухай, калі табе цяжка! Стане лягчэй!" ці "Вось табе таблеткі, будзеш танчыць да 6-й раніцы!"

У нашага пакалення няма прыкладаў і правільных герояў, якія вялі б іх у правільным кірунку.

Еўрарадыё: Вы верыце ў тое, што вы можаце стаць такімі героямі, і ваша музыка можа змяніць свет?

Міша: Так, мы б не займаліся ўсім гэтым, калі б не верылі, што гэта магчыма. І гэта наша аснова. Можам рабіць сустрэчы і канцэрты і казаць пра гэта? Давайце будзем рабіць! А чаму мы павінны маўчаць? Мы сёння яшчэ не разумеем маштабу катастрофы, праз 20 гадоў беспрынцыповага пакалення зразумеем.

Мы сёння — вынік учорашніх выбараў. Да 15-ці гадоў у мяне была шчаслівая сям'я, і мой бацька ніколі не мог падумаць, што ён стане страчаным алкаголікам.

Калі я прыняў рашэнне выбіраць правільна, я стаў не крутым, не папулярным. Я стаў белай варонай і стаў плыць супраць цячэння. Я кажу на гэтых сустрэчах, што прынцыпы — гэта сцены, якія цябе абмяжоўваюць у нечым. Але гэта і ёсць твая бяспека і магчымасць нешта змяніць.
 

Я хадзіў у звычайны будаўнічы каледж, ведаў, што калісьці пайду працаваць кудысьці, усё адно, куды. Наогул не бачыў сэнсу ў сваім жыцці. Я проста плыў па цячэнні. Нашы сустрэчы — гэта заўсёды барацьба, але пакуль мы заўсёды перамагалі. Таму калі нават адзін ці два чалавекі пасля такіх сустрэч прымуць рашэнне нешта змяніць у сваім жыцці, я не дарэмна жыву.

Фота: Еўрарадыё і з архіва гурта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі