Офіс для фрылансераў і хобі

Чым  каворкінг  адрозніваецца ад хакерспэйсу?

Гэтыя падобныя з’явы — новыя для Беларусі і толькі пачалі развівацца. Аб працы ў “каворкінгу” і хобі ў “хакерспэйсе” мы гутарым з арганізатарамі.

Каворкінг (англ. co-working)— гэта мадэль працы, калі людзі, часта фрылансеры, замест таго, каб працаваць дома, здымаюць нейкае агульнае памяшканне, напрыклад нейкі офіс, каб прыходзіць туды.

Пра тое, наколькі папулярны каворкінг у сталіцы, мы размаўлялі з дырэктарам арганізацыі, якая арандуе офіс фрылансерам, дызайнерам Віктарам Сафонавым.

coworking_safonau_rez_0.mp3


Еўрарадыё: Ці папулярная прапанова аб “каворкінгу”? Ці часта звяртаюцца да вас людзі?


Валерый Сафонаў: Звяртаюцца часта, але кантынгент — невялікі. Гэта збольшага праграмісты. А вось мастакі працуюць па хатах.

Еўрарадыё: Ці шмат вольных месцаў?


Валеры Сафонаў: З 6 месцаў пастаянна 4 занятыя. Месцы запатрабаваныя. Вядома, улетку хлопцы зыходзяць на месяц-два адпачываць — тады плаціць грошы няма сэнсу.

Еўрарадыё: Ці не задорага для прадстаўнікоў свабодных прафесій плаціць 150 долараў?


Валеры Сафонаў: Калі падлічыць усе выдаткі, то танней — няма сэнсу. Калі казаць пра іншыя краіны, гэтае задавальненне нашмат даражэйшае.  Дый цяпер не 150 долараў, а 120-140. Цэны ўпалі адразу, як здарыўся крызіс.

Еўрарадыё: Як заключаюцца дамовы? Ці можна прыйсці, заплаціць і карыстацца, колькі хочаш?


Валеры Сафонаў: Перш заключаецца дамова, дзе прапісваюцца абавязкі бакоў — арэндадаўцы і арандатара. І потым — безнаяўнае пералічэнне, каб было ўсё відаць. У дамове прапісана, што чалавек арандуе рабочае месца на пэўны тэрмін, таксама прапісана, што ўключана ў працоўнае месца — стул, стол, шафа і г.д.


Еўрарадыё: А які тэрмін — мінімальны?


Валеры Сафонаў: Мы спрабавалі рабіць не менш за тры месяцы, але на практыцы людзі прыходзяць і на два месяцы. Нехта прыязджае з іншых гарадоў на пэўны тэрмін. Менш за месяц нам няма сэнсу. Калі б месцаў было шмат — напрыклад 50, то можна было б зрабіць дамовы на тыдзень і на адзін дзень.

Еўрарадыё: Вы не баіцеся, што нейкая арганізацыя магла б зрабіць сабе паўпадпольны офіс пад заслонаю такога каворкінгу?


Валеры Сафонаў: Гэта не ў нашай юрысдыкцыі. Калі яны гэта зробяць, то гэтым павінны будуць займацца праваахоўныя органы. У нас заўсёды можна падняць па паперах, па дамовах — хто ў які час здымаў офіс. Я магу сказаць, што іншы раз на кухні дома людзі маюць нашмат больш магчымасцяў займацца нейкай незаконнай дзейнасцю. 

***

З аднаго боку, каворкінг — гэта папулярная мадэль працы для праграмістаў, але з іншага боку, для іх жа ствараюць  адмысловыя хакерспэйсы. Чым адрозніваюцца гэтыя 2 паняткі, мы распыталі арганізатара мінскага хакерспэйсу  Юрыя Паца.

120725 Pac s.mp3


Еўрарадыё: Чым хакерспэйс  адрозніваецца ад каворкінгу?


Юры Пац: Гэта сапраўды розныя з’явы, хоць маюць пэўныя пункты сутыкнення. Перш-наперш хакерспэйс — месца, дзе людзі збіраюцца ў вольны ад працы час. То бок, калі ў каворкінгу яны працуюць, то ў хакерспэйсе бавяць час.

Еўрарадыё: А як выглядае фінансавы бок арганізацыі хакерспэйсу?


Юры Пац: Хакерспэйс трымаецца на ўнёсках сваіх сябраў. Кожны ўдзельнік плаціць або за ўваход, або дае нейкую плату за месяц.

Еўрарадыё: Якіх людзей аб’ядноўвае ваш хакерспэйс?


Юры Пац: Гэта збольшага праграмісты, але мы не абмяжоўваем кола людзей, якія могуць прыходзіць.

Еўрарадыё: А што вы там робіце?


Юры Пац: Хакерспэйс як і каворкінг дае інфраструктуру. Перш-наперш гэта памяшканне, электраэнергія, інтэрнэт. Да нас можна прыйсці са сваімі праектамі з галіны электронікі, або папрацаваць з драўнінай. Хакерспэйс — гэта месца, дзе людзі могуць рабіць свае хобі. Хобі можа быць усякае. Вядома, рамантаваць аўто нельга, але калі трэба — можна зрабіць нейкую запасную частку да ровара.

Еўрарадыё: А калі нехта хоча прыйсці і знайсці ціхае месца папрацаваць? Гэта ўсё ж такі — не да вас?


Юры Пац: Не. Тут бывае шмат людзей, і гэтае месца не для працы. Хоць калі камусьці падабаецца гоман, адносіны з людзьмі і ён можа працаваць у такім месцы — дык можа прыходзіць.

Еўрарадыё: Колькі каштуе далучыцца да вашага хакерспэйсу?


Юры Пац: Нашая абаненцкая плата — 30 долараў у беларускіх рублях на асобу. Мы круглыя суткі даем магчымасць карыстацца памяшканнем, і там можна рабіць усё, што заўгодна.

Еўрарадыё: Наколькі вялікае гэтае памяшканне?


Юры Пац: Мы выкарыстоўваем сутарэнні — былое бомбасховішча. Мы не можам замінаць людзям вакол нас.

Еўрарадыё: Колькі чалавек належыць да вашага хакерспэйсу?


Юры Пац: Сярод сталых удзельнікаў цяпер — 20-25 асобаў. Ідэя прыйшла толькі гэтаю зімою і цяпер мы толькі разгортваемся.

Еўрарадыё: А як гэта выглядае фармальна? Проста нехта здымае памяшканне ці вы неяк зарэгістраваныя?


Юры Пац: Афіцыйна гэта грамадская арганізацыя і кожны з удзельнікаў — яе сябра.

Еўрарадыё: Ці ведаеце вы іншыя хакерспэйсы ў Беларусі, або, можа, маеце сяброўскія хакерспэйсы па-за межамі краіны?


Юры Пац: Нашыя ўдзельнікі наведвалі хакерспэйсы ў Еўропе і ў Расіі, але ў Беларусі такога пакуль не ведаю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі