Орбан сустракаецца з Трампам у ЗША — выглядае пасярэднікам паміж Трампам і РФ
Віктар Орбан і Дональд Трамп
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан сёння сустрэнецца з экс-прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, піша Bloomberg. Сустрэча пройдзе ў рэзідэнцыі Трампа на курорце Мар-а-Лага ў Флорыдзе. Адзін з суразмоўцаў агенцтва ахарактарызаваў візіт як хутчэй нефармальную сустрэчу. Паводле яго, Трамп не прасіў Орбана "закласці аснову для любога мірнага пагаднення" паміж Расіяй і Украінай. Нагадаем, праз тыдзень Трамп можа быць афіцыйна вылучаны кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША на нацыянальным з'ездзе Рэспубліканскай партыі. Ён ужо выйграў першыя дэбаты ў дзейнага прэзідэнта Джо Байдэна. Выбары ў ЗША адбудуцца ў лістападзе.
Bloomberg адзначае, што паміж Орбанам і Трампам завязаліся "блізкія стасункі". Пасля сустрэчы з экс-прэзідэнтам ЗША ў сакавіку прэм'ер-міністр Венгрыі заклікаў яго вярнуцца ва ўладу і "прынесці мір". Агенцтва адзначае, што сустрэча 11 ліпеня ўзмацняе асцярогі, што Орбан "працуе пасярэднікам" паміж Трампам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. 5 ліпеня Орбан быў у Маскве, дзе правёў перамовы з Пуціным. Венгрыя цяпер старшынюе ў ЕС, але за паездку ў Маскву Орбана крытыкавалі. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заявіў, што Орбан "ніякім чынам не прадстаўляе ЕС" падчас гэтых сваіх паездак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.