Па акцыі са зніжкамі "Белавія" прадала амаль 37 тысяч квіткоў за два дні
36 950 квіткоў — столькі прадала кампанія "Белавія" за два дні, пакуль доўжылася яе спецыяльная акцыя. Як паведамлялася раней, да свайго 20-годдзя беларускі авіяперавозчык зрабіў падарунак пасажырам: на сайце кампаніі квіток можна было набыць усяго за 20 еўра.
Перыяд палёту, на які можна было набыць квіток, — з 5 сакавіка 2016 года па 30 студзеня 2017 года.
У прэс-службе "Белавіі" кажуць, што самым папулярным напрамкам быў расійскі Санкт-Пецярбург — 3430 месцаў. Таксама вялікай папулярнасцю карысталіся квіткі ў Тбілісі (2922), Прагу (2598), Маскву (2532), Амстэрдам (2454).
Акцыя мусіла адбыцца толькі 5 сакавіка — у дзень нараджэння авіякампаніі. Аднак наплыў патэнцыйных пакупнікоў папросту "паклаў" сайт "Белавіі". Таму было вырашана працягнуць акцыю яшчэ на суткі.
У "Белавіі" кажуць, што падобныя акцыі плануюцца і ў будучыні.