Па справе "атакі на базу АМАП" у Мінску ёсць затрыманыя
Прапагандысты-"рэканструктары" знялі чарговы "фільм" / Скрыншот з відэа
Па справе "атакі на базу АМАП" у Мінску ёсць затрыманыя. Прапагандысты анансуюць "дакументальны фільм" пра "акт тэрарызму" ў беларускай сталіцы, які пакажуць увечары ў сераду на тэлеканале АНТ. Сцвярджаецца, што партызаны да акцыі "старанна рыхтаваліся". Затрыманыя "кантрабандысты, якія даставілі ў Беларусь дрон, з дапамогай якога была здзейснена атака на базу АМАП". З кароткага анонсу вынікае, што выканаўцы акцыі ці не затрыманыя і знаходзяцца за мяжой (і цяпер сілавікі прымушаюць сваякоў ім тэлефанаваць з прапановай вярнуцца), ці затрыманыя не ўсе.
Пра атаку на базу амапаўцаў у Мінску ў верасні 2021-га партызаны пісалі ў сацсетках. Сцвярджалася, што з дрона былі скінуты дзве каністры з запальнай сумессю, узнік пажар. У паведамленнях сілавых структур, дзяржаўных СМІ згадваўся "акт тэрарызму" у сталіцы, але без падрабязнасцяў. У кастрычніку 2021 года прэс-служба Генпракуратуры напісала, што "ў верасні 2021 года меў месца акт тэрарызму з выкарыстаннем БПЛА".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.