Пабрацім Міраслава Лазоўскага расказаў, як ён загінуў

Міраслаў Лазоўскі / фота з відэа: ПАРА! / PARA! / Youtube
Міраслаў Лазоўскі / фота з відэа: ПАРА! / PARA! / Youtube

"Каліновец" Міраслаў Лазоўскі загінуў, калі кіраваў эвакуацыяй параненых і прыкрываў іх. Пра падрабязнасці бою расказаў яго пабрацім з палка Каліноўскага Павел Шурмей.

Па яго словах, якія перадае "Белсат", "каліноўцы" далі добры бой, нанеслі страты расіянам. Тыя адышлі і выклікалі сабе артылерыйскую дапамогу. Пасля гэтага ў будынак, дзе былі беларускія добраахвотнікі, трапілі буйныя снарады, каля 200 мм. Ад гэтага ў будынку абрынуліся тры паверхі.

Лазоўскі гэтым часам быў побач на камандна-назіральным пункце (КНП), кажа Шурмей. Калі параненыя па рацыі сказалі, што адбываецца, ён адразу пачаў фармаваць групу дапамогі і эвакуацыі з сумежнікаў — УСУ. Таксама з імі быў парамедык палка. Група пайшла на дапамогу, Лазоўскі кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў іх, выносіў зброю. Ён ішоў апошнім і зусім трохі не дайшоў да КНП.

Як распавядала Еўрарадыё, развітанне з загінулым байцом прайшло 26 траўня ў Кіеве.

Міраславу Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён адзін з заснавальнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая дзейнічала ў Беларусі з 1996-га да пачатку 2000-х і займалася выхаваннем ды падрыхтоўкай моладзі. Улады неаднаразова затрымлівалі Лазоўскага (у тым ліку ў 2017-м па "справе патрыётаў").

Таксама Лазоўскі працаваў у выдавецтве "Кнігазбор". Ва Украіну пераехаў пасля падзей 2020-га. "Каліноўцы" згадваюць яго як аўтарытэтнага камандзіра.

Некалькі гадоў таму Міраслаў Лазоўскі быў госцем праграмы Еўрарадыё "Ідэя Х".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі