Пад коламі грузавіка ў цэнтры Берліна загінулі 12 чалавек, 48 параненыя

Пад коламі грузавіка ў цэнтры Берліна загінулі 12 чалавек, 48 параненыя

Пад коламі грузавіка ў цэнтры Берліна на плошчы Брайтшайдплац загінулі 12 чалавек, 48 параненыя, некаторыя з іх у цяжкім стане, паведамляе абноўленыя дадзеныя "Бі-Бі-Сі". Здарэнне адбылося ўвечары 19 снежня (у 20.14 па мясцовым часе). Грузавік раптоўна ўварваўся на тэрыторыю, дзе праходзіў калядны кірмаш, збіваў людзей, сталы, расплюшчваў драўляныя кіёскі. Кіроўца з месца здарэння спрабаваў збегчы, але яго затрымала паліцыя. Дагэтуль афіцыйна не заяўлена, ці гэта быў няшчасны выпадак, ці тэракт. Аднак паліцыя ўжо прызнала, што дзеянні кіроўцы былі "наўмыснымі".

Што вядома на дадзены момант? На грузавіку былі польскія нумары. Мяркуецца, што яго скралі — кіроўца некалькі гадзінаў не выходзіў на сувязь. У кабіне знайшлі цела загінулага пасажыра-грамадзяніна Польшчы. Пра тое, што стала прычынай яго смерці, стане вядома пазней. Не выключана, што ён быў забіты зламыснікам, які завалодаў аўтамабілем.

Затрыманы мужчына, які кіраваў грузавіком, па неафіцыйнай інфармацыі, з'яўляецца грамадзянінам Афганістана ці Пакістана.

Як чакаецца, у бліжэйшыя гадзіны ўлады Германіі могуць прызнаць, што здарэнне ў цэнтры Берліна было тэрактам. Такім самым, як 14 ліпеня ў Ніцы, калі пад коламі грузавіка загінулі 86 чалавек. Тады адказнасць узяла на сябе тэрарыстычная "Ісламская дзяржава". А пакуль нямецкія сілавікі і чыноўнікі заклікаюць грамадзян захоўваць спакой, запэўніваюць, што сітуацыя ў горадзе знаходзіцца пад кантролем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі