пагэтыбок#: як музыканты-рэцыдывісты Сіроп і Лаўнік шукаюць сябе на свабодзе
Аляксей Загорын сыходзіць з рэпетыцыі, 10 красавіка 2019 года / Аляксандр Васюковіч
Аляксею Загорыну 46 гадоў. У музычнай тусоўцы ён больш вядомы як Сіроп — такую мянушку яму даў у часы вучобы ў музычным каледжы будучы лідар "Ляпіса Трубяцкога" Сяргей Міхалок. Загорын іграў у ранніх "Ляпісах" на саксафоне, але гэта працягвалася нядоўга. Музыкант трапіў у турму: адзін раз, другі, трэці…
Сіроп правёў на нарах 17 гадоў. У апошні раз выйшаў — і зразумеў, што наркотыкі перашкаджаюць яму рабіць тое, што падабаецца. Цяпер ён зноў займаецца музыкай: разам з бас-гітарыстам Генадзем Лаўнікам і дыджэем Андрэем Лістрадзенкавым удзельнічае ў праекце “СіРОП” — грае на гітары і чытае рэп. Што раз за разам вяртала Аляксея Загорына ў турму і што дапамагло яму знайсці сябе на волі — у сваім праекце аб рэсацыялізацыі асуджаных “пагэтыбок#” распавядае Анастасія Бойка.
Першы крок да турмы
Мы сустракаемся з Аляксеем Загорыным на рэпетыцыйнай кропцы ў цэнтры Мінска. З маленькага падвала на тэрыторыі закінутага завадскога цэха даносіцца "злы паэтычны рэп" — менавіта так Сіроп называе сваю музыку.
Разам з намі на рэпетыцыю прыйшоў прадзюсар "СіРОПа" Яўген Калмыкоў. 20 гадоў таму ён прадзюсаваў "Ляпіс Трубяцкі". Загорын успамінае, як першыя рэпетыцыі "Ляпісаў" праходзілі ў прыбіральні Культасветвучылішча (зараз гэта каледж мастацтваў), як ён запіхваў шалік у раструб саксафона, каб той не заглушаў усе астатнія інструменты... Музыканту цяжка казаць пра час "да першай ходкі":
“Спачатку была школа. У канцы школы ў мяне пачаліся цяжкасці з паводзінамі. Я не хацеў мірыцца з нейкімі рэчамі, якія нам насаджвалі настаўнікі і дырэктар. У выніку гэтай барацьбы мяне выгналі са школы. Давучваўся я наогул у Алматы, жыў у сваякоў. У Мінску мяне цяжка было ўстроіць у школу. Калі вярнуўся з Алматы, паступіў у Культасветвучылішча”.
Пасля вучылішча Сіроп паспеў адслужыць у арміі, потым вярнуўся і працягнуў займацца музыкай. Але вярнуўся ён, як сцвярджае сам, іншым — з наркатычнай залежнасцю: “Гэта быў першы крок да турмы”.
“Я разумеў, што мяне могуць пасадзіць, — ну і по*уй мне”
У першы раз Лёшу пасадзілі на паўтара года — за крадзеж у асабліва буйных памерах і нашэнне зброі. Музыканту пашанцавала: гэта быў час гіперінфляцыі. Сума, якую ён скраў, вельмі хутка стала не такой значнай.
“Сядзеў я на ўзмоцненым рэжыме ў ВК-17 у Шклове. Потым выйшаў, не зрабіў для сябе належных высноў. Ты ведаеш, гэтая турма для мяне прайшла проста як сон. Не паспеў нічога зразумець нават — так усё бурна, насычана адбывалася. А потым раз — і скончылася”.
Аляксей выйшаў на волю ў 1998 годзе. Адзінае, што засталося ў яго ад першага тэрміну, — упэўненасць, што ў турме не страшна.
“Знік страх перад турмой — і п*здзец [вельмі дрэнна]. Я мог ужо здзяйсняць нейкія ўчынкі, праступкі, злачынствы, што заўгодна. Я разумеў, што мяне могуць пасадзіць, — ну і по*уй мне [усё роўна]. Вось такое было стаўленне. А што мне? Я там ужо ўсіх ведаю, і мяне там ведаюць. Ніякага аўтарытэту там па іерархіі я не зарабіў і не імкнуўся зарабляць. Проста трэба жыць тым, хто ты наогул ёсць. Строіць з сябе, спрабаваць паказаць, што ты — гэта не ты, а нехта іншы… Усё роўна ўрэшце цябе раскусяць і паставяць на месца. А то і яшчэ ніжэй за тваё месца”.
“Не мог зразумець, што трэба проста памяняць жыццё”
На волі Аляксей застаўся ў ранейшай кампаніі, не збіраўся мяняць сваё жыццё: працягнуў ужываць наркотыкі і шукаць грошы любымі спосабамі, у тым ліку незаконнымі. На свабодзе ён прабыў чатыры месяцы і быў асуджаны на два гады — “быццам за крадзеж”.
“Так яно ішло-ішло-ішло ... Доўга ішло. 20 гадоў. Усяго я сядзеў за захоўванне наркотыкаў, крадзяжы, махлярства, нашэнне зброі, падробку дакументаў. Яны чаргаваліся, вар'іраваліся, скажам так. То крадзеж з наркотыкамі, то наркотыкі з падробкай дакументаў”.
Што кожны раз вяртала Сіропа на зону?
“Я быў нарказалежным. Мне падабалася ўжываць наркотыкі, а нашай краіне гэта не падабалася, — працягвае музыкант. — Вядома, можна разганяцца, маўляў, вось калі б у нас легальна прадавалі наркотыкі, то не было б у мяне ніякіх крадзяжоў. Можа, і не было б, таму што я сам па сабе чалавек не крымінальны настолькі.
Так, вядома, я шмат чаго цяпер умею таго, чаго не ўмеюць іншыя. Многае ведаю, многае пражыў. Нейкая частка ў мяне засталася. Але ўва мне няма такога, што я хачу абрабаваць банк — і сяджу планую. Такія думкі ўзнікалі, менавіта калі была залежнасць”.
За гады такога жыцця Загорын стаў у нейкай меры псіхолагам і мог без праблем выманіць грошы ў людзей. Паводле яго слоў, схем было мноства, пра адну ён распавёў і нам:
“Тады грошы патрэбныя былі, і прама зараз. Мірным шляхам, працоўным, яны не зарабляліся. Можна было выйсці на вуліцу, злавіць машыну, праз пару пытанняў прабіць, ці ёсць у таксіста грошы. Мы нейкі час нават карміліся за кошт гэтых людзей, бралі ў іх грошы ўсякімі праўдамі і няпраўдамі. Я ў свой час ведаў усе прахадныя пад'езды ў Мінску, каб грукнуць дзвярыма тут, а адтуль выйсці. Ён, бедненькі, так і стаіць, а я ўжо на шляху да барыгі. Гэта не рабаванне, а махлярства.
Дапусцім, схема такая: я саджуся і першае, што я называю, — гэта не адзін адрас, а некалькі. Спачатку мне трэба паехаць сюды, пачакаць трошкі, а потым сюды і сюды. Калі чалавек на гэта згодны — выдатна, значыць, ён ужо не будзе нервавацца на гэтых прыпынках. Потым пытаюся ў яго, ці будзе ў яго рэшта са ста долараў. Ён кажа, што будзе. Выдатна! Значыць, грошы ў яго ёсць. А далей ужо справа тэхнікі. Гэта былі нулявыя гады”.
У суме Аляксей Загорын быў асуджаны 10 разоў і правёў у турме 17 гадоў.
“Я сядзеў усяго толькі ў дзвюх калоніях, хоць шмат пасядзеў. Да любой калоніі можна прывыкнуць. У Ваўкавыску я сядзеў дзевяць разоў, прыязджаў як дадому ўжо. Даходзіла да такога, што я, вызваляючыся, мог пакінуць свае рэчы чалавеку, якому сядзець яшчэ 25 гадоў, а праз гадок прыехаць і гэтыя рэчы забраць у яго.
Не было такога, што я разумеў, што вярнуся. Не хацелася вяртацца. Але я не мог зразумець, што трэба проста памяняць жыццё. Не было штуршка нейкага”.
“Выходзіш — нічога толкам не ўмееш”
Генадзь Лаўнік, яшчэ адзін удзельнік праекта "СіРОП", правёў у турме 14 гадоў. У апошні раз ён вызваліўся некалькі месяцаў таму — адседзеў 2,5 года за наркотыкі. Па словах Лаўніка, стаўленне да наркаманаў у турме заўсёды было кепскім, але пасля ўзмацнення жорсткасці антынаркатычнага заканадаўства ў 2014-м усё яшчэ пагоршылася.
Упершыню Гена сеў у 25 гадоў, таксама за наркотыкі. Пасля тэрміну — два гады на волі і судзімасць за злоснае хуліганства.
“Да апошніх некалькіх судзімасцей я кожны раз спатыкаўся аб наркотыкі. Таму што выходзіш — нічога толкам не ўмееш, толькі вось брынчаць на гітары. Гэта ўжо нікому не цікава, узрост не той. А наркотыкі... Там усе хады запісаныя, ты выдатна ведаеш, як сябе паводзіць. Можа быць, працягнеш на волі месяц-два, але потым усё роўна”.
Сіроп кажа, што завязаў два гады таму, а калі лічыць з часам, праведзеным у турме, то і ўсе пяць гадоў набярэцца. У гэтым і Загорыну, і Лаўніку дапамагла музыка. Але не адразу: спачатку яны па-ранейшаму галавой заставаліся ў барыг.
“Я пачаў займацца музыкай, пачаў пісаць, пачаў ужо нешта паказваць там, на зоне. Але я ўсё роўна дзесьці яшчэ калоўся ў пад'ездзе, — кажа Аляксей Загорын. — Пакуль не прыйшло разуменне, што ўсё гэта проста за****а [вельмі надакучыла]. У нейкі момант стаміўся. Не ў тым сэнсе, што я стаў дрэнна ставіцца да наркотыкаў і да наркаманаў. Проста яны мяне перасталі цікавіць.
Я не ставіў сабе мэту "завязаць", гэта само па сабе атрымалася. Я не прыкладаў ніякай волі да гэтага. Я зразумеў, што яны перашкаджаюць у першую чаргу таму, чаго я цяпер хачу дамагчыся, той мэты, якую я перад сабой паставіў. Гэта несумяшчальна”.
За гады, праведзеныя ў турме, Сіроп зразумеў: “Я асёл. Я асёл, я дурань, я страціў проста 20 гадоў. І набыў значна менш, чым страціў. А яшчэ я зразумеў, што трэба займацца тым, што табе падабаецца, да чаго душа цягнецца. А астатняе ўсё — гэта х***я [дробязь]. Самае галоўнае — гэта тое, што ёсць асэнсаваная справа, якая табе падабаецца і прыносіць грошы. У нас грошай пакуль няма, але гэта ў перспектыве”.
Пра работу ў турме
“З работай горш за ўсё ў наркаманаў. Ім нельга займаць пасады ў жылой зоне, яны не могуць быць загадчыкамі гаспадаркі атрадаў, нарадчыкамі, — расказвае Лаўнік. — То бок не могуць хадзіць на промку, працаваць у жылой зоне. Лічыцца, што жылая зона — прывілеяваная праца. Наркаманы ходзяць на самую брудную працу, самую цяжкую, напрыклад, чысціць дрот. Ты пастаянна ў сажы, вельмі шмат шкоднага”.
У калоніі мужчына працаваў даводчыкам табурэтак — шліфаваў іх перад афарбоўкай.
“Зусім дурная праца — ты ў пыле як млынар. Зарплата ў мяне была дзве-тры капейкі ў месяц. Мы лічылі, што, каб зарабіць на маршрутку ад Ваўкавыска да Мінска, нам трэба было працаваць 150 гадоў... Ёсць людзі, якія працуюць на стаўцы. На рукі выходзіць ад 20 да 30 рублёў у месяц”.
Аляксей Загорын працаваў у турме загадчыкам тэатральнай студыі. Да іншых работ яго не прыцягвалі, а за выступы начальства магло выпісваць заахвочванні.
“Грошы за гэта не атрымліваў, але быў у нерабочай брыгадзе і на промку мяне не ганялі. У студыі мы спектаклі ставілі з уласнымі песнямі, дэкарацыямі, касцюмамі, сцэнарыямі. Зразумела, што ў турме не сядзяць акцёры. Сядзяць звычайныя д***ы, якія ці то з нуды, ці то з цікавасці, ці то за заахвочванни былі з намі. Гэта самадзейнасць. Натуральна, яна заахвочваецца”.
Як міліцыя дапамагае вярнуцца ў грамадства
Кожны асуджаны, які вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, некаторы час знаходзіцца на ўліку ў міліцыі. Ён павінен працаўладкавацца, зрабіць рэгістрацыю і ўвогуле весці прыкладны лад жыцця.
“Праблем з міліцыяй цяпер няма, але тым не менш мне трэба кожны месяц хадзіць і адзначацца. Паказваць, што ў мяне ўсё нармальна, што я не п'яны і не збіты, не пад наркотыкамі, — кажа Сіроп. — Цяпер яны вельмі сур'ёзна насядаюць з нагоды працаўладкавання. А якое, б**ць, можа быць працаўладкаванне з такой рэпутацыяй, як у мяне — 10 судзімасцей, небяспечны рэцыдывіст?
Па-другое, у мяне няма рэгістрацыі, і ніхто мне ў гэтым дапамагчы не можа і не хоча. Велізарныя праблемы з аднаўленнем ваеннага білета, без яго не робяць рэгістрацыю. А я служыў, звольніўся і не стаў на воінскі ўлік. У выніку не было ніякай адзнакі, потым страціў ваенны білет, а потым пасадзілі-пасадзілі-пасадзілі... У выніку, калі я гэтым заняўся, праз 25 гадоў, маёй вайсковай часткі на гэтым месцы ўжо няма, усе дакументы ў архіве Мінабароны ці то ў Бранску, ці то ў Ліпецку. І п****ц [вельмі дрэнна]”.
У Гены сітуацыя падобная. І ён, і Сіроп працуюць, але неафіцыйна, таму баяцца раскрываць падрабязнасці. Загорын толькі распавядае, што робіць прыкормку для рыб, а Гена працуе грузчыкам:
“Раней я працаваў на мэблевай вытворчасці, таксама грузчыкам. Усё гэта без дакументаў, нелегальна. Таму што ніхто на працу не возьме такога чалавека. Павінна стаўленне змяніцца”.
“Прыязджаю праз тры гады — і не магу раён пазнаць”
“Мне прасцей, я камунікабельны. І тэрміны, якія я сядзеў, не вельмі вялікія. Самы вялікі — 3 гады, проста ўсе злачынствы былі менш цяжкія. І таму на волі не вельмі шмат паспявае адбыцца, каб я доўга прывыкаў да нечага”, — прызнаецца Загорын.
Тым не менш кожны раз да свабоды даводзілася прывыкаць.
“Прычым вельмі востра бачыш усё, што не заўважаеце вы, дапусцім. Вы глядзіце, як гэты горад паволі будуецца, а я прыязджаю праз тры гады і не магу раён пазнаць. Першыя дні, калі я хадзіў у краму, здзіўляўся: як яны з прадаўцамі размаўляюць? Прэтэнзіі нейкія прад'яўляюць! У наш час такога не было! Ну, прыйшоў ты, аплаціў, нешта не так, накрычалі на цябе. І пайшоў сабе далей! А тут — прынясіце мне тое, прывядзіце мне таго. І людзі змяняюцца. Пакуль не магу зразумець, у які бок. Напэўна, у х***ы [дрэнны]”.
Гена згаджаецца з Сіропам, але кажа, што нават пасля года ў зняволенні вяртацца цяжка. На яго думку, дзяржава часам нават пагаршае праблему, патрабуючы абавязковага і хуткага працаўладкавання. Маўляў, былых зняволеных браць ніхто не хоча, а яны ад адчаю співаюцца і ідуць на рэцыдыў.
“Год — цяжка. А пасля чатырох гадоў цалкам рвуцца сацыяльныя сувязі. Што дзяржава можа зрабіць па вялікім рахунку? Зараз нядрэнны праект у Светлагорскім раёне, аграгарадок зрабілі. Груба кажучы, гэта калгас. Там прадастаўляюць жыллё, працу былым асуджаным. Нават ідзе пытанне аб тым, каб адпраўляць туды на замену рэжыму. Ідэя добрая, але як яна будзе працаваць — незразумела”.
“Цяпер у нармальнага чалавека праблемы з працай, а ты ўяві, калі прыходзяць два такія вырадкі, — умешваецца Сіроп. — Калі б мы ведалі, як гэта змяніць, мы, можа быць, ужо дзяржавай кіравалі б якой-небудзь маленькай, у пару вулачак”.
Гена працягвае:
“Як яны выносяць мазгі гэтым дэкрэтам аб дармаедстве... Людзі, якія тырчалі, бухалі да турмы і там былі пазбаўленыя гэтага, выйшаўшы на волю, быццам бы хочуць весці нармальны лад жыцця. Пачынаюць шукаць тое ды сёе. Ідуць у цэнтр занятасці, іх адпраўляюць на працу. Але ўсюды практычна даюць ад варот паварот. Хіба што нейкія “ўблюдскія” працы застаюцца. А гэта што? Гэта падстава забухаць часцей за ўсё. І тады ўжо пытанне часу — калі ты зноў вернешся ў турму. Мы такое праходзілі і самі не раз. Велізарная праблема з жыллём, таму што многія людзі менавіта з-за турмы яго губляюць. Але ніякай асаблівай дапамогі з жыллём дзяржава не дае.
У маральным плане самае цяжкае — гэта не затырчаць і не забухаць у першыя месяцы на волі. Таму што нават калі ты адсядзіш год, па выхадзе ты не ацэньваеш цвяроза свет раней чым праз месяц”.
— Як вы думаеце, ці вернецеся назад у турму? — пытаю.
— З канцэртам! Вельмі б хацелася, — усміхаецца Сіроп.
— Але, як кажуць, не заракайся! Усякае можа быць, — больш сур'ёзна, склаўшы рукі крыжам кажа Лаўнік.
Трохі задумаўшыся, Загорын дадае:
— Улічваючы нашу рэпутацыю і вялізны спіс судзімасцей, дастаткова дзесьці апынуцца не ў тым месцы не ў той час — і ўсё.