Палітолаг: "Справа прафсаюзаў" можа перашкодзіць беларуска-еўрапейскім адносінам

Палітолаг: "Справа прафсаюзаў" можа перашкодзіць беларуска-еўрапейскім адносінам

"Справа прафсаюзаў" можа істотна папсаваць беларуска-еўрапейскія адносіны. Такое меркаванне палітолага Юрыя Чавусава прыводзіць nn.by

Як паведамлялася раней, 2 жніўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў ператрусы ў офісах незалежных прафсаюзаў у Мінску і Салігорску. На кіраўніка прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і яго намеснік Ігара Комліка пачалі крымінальную справу. Іх падазраюць ва ўхіленні ад падаткаў у буйных памерах. Па звестках сілавікоў, прафсаюзы мелі рахункі за мяжой, на якія атрымоўвалі вялікія сумы, там пераводзілі грошы ў наяўныя і перавозілі ў Беларусь.

Аналітыкі ўжо правялі аналогію са справай праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якога судзілі ў 2011 годзе па абсалютна аналагічным абвінавачанні.

"Можна заплюшчыць вочы, што разагналі нейкі мітынг, можна заплюшчыць вочы на справу "экстрэмістаў", але заплюшчыць вочы на разгром незалежных прафсаюзаў, на арышт Генадзя Фядыніча — гэта не так проста. Гэтая справа можа стаць камнем перапоны для развіцця тых ідылічных беларуска-еўрапейскіх адносін, пра якія кажа Міністэрства замежных справаў", — адзначае Чавусаў.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што заходнія палітыкі і прадстаўнікі грамадства вельмі ўважліва сочаць за станам прафсаюзаў. "Прафсаюзы — гэта сіла. Гэта тыя структуры, якія непасрэдна ўплываюць на санкцыі, на эканамічныя санкцыі. Беларускія сілавікі далі фармальную нагоду для пашырэння эканамічных санкцый супраць Беларусі. Застаецца толькі гадаць, што сапраўды было мэтай для гэтай крымінальнай справы. Ці адпомсціць прафсаюзам за пратэсты, ці даць нагоду, каб супраць Беларусі былі ўжытыя санкцыі? Справа, безумоўна, палітычная, а не ў фінансах там пытанне".

Як і іншыя аналітыкі, Чавусаў нагадвае, што незалежныя прафсаюзы прынялі актыўны ўдзел у сёлетніх акцыях "недармаедаў", якія прайшлі ў шмат якіх гарадах Беларусі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі