Паліттэхнолаг Ксеніі Сабчак: Выбары — як дзіця ва ўлонні маці
Фота: ForumDaily
Беларус Віталь Шкляраў — удзельнік выбарчых кампаній Ангелы Меркель і Барака Абамы. Цяпер — паліткансультант выбарчага штаба Ксеніі Сабчак. У студыі Еўрарадыё Віталь параўноўвае працэсы выбараў у Расіі і ЗША, распавядае пра сутнасць прафесіі паліткансультанта і абяцае даведацца ў Ксеніі Сабчак пазіцыю па Беларусі.
"Ці патрэбны запыт з боку дзяржавы і грамадства на перамены"
Палітыка — як аўтамабіль. Не важна, якога ён колеру, маркі і якога тыпу — аўтобус, "Ферары" ці "Запарожац". Усе яны не паедуць без бензіну. Палітыка не паедзе без людзей. Можна паставіць самага выдатнага рыторыка-кандыдата, але, калі няма падтрымкі, гэты чалавек застанецца гаварыць у пустой зале. Павінен быць запыт з боку дзяржавы на перамены, запыт з боку грамадства. Няправільна вінаваціць ва ўсім апазіцыю, як і нельга казаць, што ўсё роўна і пухната.
"Мы далі магчымасць любому чалавеку, які хацеў бы мяняць становішча спраў у краіне, прыйсці ў палітыку"
Папярэднія мясцовыя выбары ў Расіі сталі фенаменальнай кампаніяй. Такіх аналагаў не было не толькі ў Расійскай Федэрацыі, але ў Еўропе і ЗША. Мы вялі паралельна тысячу выбарчых кампаній. Тысяча незалежных кандыдатаў, у якіх не было досведу, самаму маладому было 18 гадоў, а самаму старэйшаму — 82, пайшлі ў дэпутаты. Мы дапамаглі ім весці кампанію, стварылі тое, што я назваў першым палітычным уберам — гэта значыць, далі магчымасць любому чалавеку, які хацеў бы мяняць становішча спраў у краіне, прыйсці ў палітыку. Бо праблема палітыкі — гэта бар'ер ўваходу. Палітыка — як элітарны клуб, туды не патрапіць. Трэба быць ці з нейкай партыі, ці мець шмат грошай. А мы перавярнулі гэтую мадэль. З гэтай тысячы ўдалося выйграць 267 мандатаў — гэта вельмі шмат. Яны сталі другой палітычнай сілай у Маскве.
"З ростам разумення важнасці выбараў сярод насельніцтва будзе змяншацца колькасць фальсіфікацый"
Запэўніваю, што на прэзідэнцкіх выбарах у Маскве ўсё будзе вельмі роўна і чыста, таму што ўлада баіцца пратэстаў. Прыклад таму — Балотная пасля выбараў у мэрыю, і ўсё, што з гэтага выйшла. Улада разумее, што проста так кансерваваць, стрымліваць гэты ціск у скараварцы нельга — яна можа выбухнуць. Таму, безумоўна, падлік галасоў — важна. Але я ведаю, што з ростам разумення важнасці выбараў сярод насельніцтва будзе змяншацца колькасць фальсіфікацый.
"Ва Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна у 2018 годзе выйграць немагчыма"
Ва Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна у 2018 годзе выйграць немагчыма, але ў 2024 ці пазней — цалкам! Выйграць заўсёды можна. Але пытанне не ў выйгрышы. Гэта не спорт, дзе каманда перамагла, забрала кубак і ўсе разышліся па дамах. Выйгрыш — гэта сістэмныя доўгатэрміновыя змены. У кантэксце Расіі ці Беларусі я бачу выбары не з пункту гледжання перамог або пройгрышаў, я бачу іх як доўгатэрміновы доўгі працэс. Гэта як дзіця ва ўлонні маці, якому доўга развівацца.
Што можа адзін чалавек змяніць? Нічога! Але! З гэтага аднаго голасу з'яўляюцца дзесяць, дваццаць. Дэмакратыя не нараджаецца за адны выбары. Гэта працэс, які ў Еўропе праходзіў дзесяцігоддзямі, і нам трэба будзе прайсці сапраўды гэтак жа гэты шлях.
"Я бачу выбарчую кампанію як доўгі лікбез"
Мы чамусьці лічым, што са зменай прозвішча прэзідэнта ўсё зменіцца. Але не так усё проста. Праблема не толькі ў лідары, а ў глыбокіх зменах у грамадстве, у тым, што людзі не гатовыя да перамен, не хочуць іх. У гэтым сэнсе я бачу выбарчую кампанію як доўгі лікбез.
У адной кнізе напісана, што пачаткоўца ад прафесіянала аддзяляе прыблізна 10-12 тысяч гадзін трэніровак. У палітыцы гэтыя гадзіны трэніровак адэкватныя 10-15 гадам. Ці гатовыя вы 15 гадоў інвеставаць у сваю будучыню? Калі так, мы працуем з вамі!
"Для мяне важна, што, дзякуючы такім адважным людзям, як Ксенія, у Расіі нешта мяняецца"
Для мяне не важна, ці хрысціў Пуцін Ксенію. Для мяне важна, што, дзякуючы такім адважным людзям, як Ксенія, у Расіі нешта мяняецца.
Заявы Сабчак пра Украіну — яе ўласная пазіцыя. Якая яе пазіцыя па Беларусі? Пра Беларусь мы нават не размаўлялі. Думаю, што яна скажа, што Беларусь — гэта вялікі сябар і важны партнёр. Я ў штабе галоўны беларус. Наўрад ці яна мяне пакрыўдзіць (смяецца).
Задача любога паліттэхнолага — не разумнічаць і не ламаць палітыка, а быць староннім назіральнікам, і ў патрэбны момант, як мама ці тата, даць параду. Добры паліттэхнолаг — гэта дадатак, ён закрывае слабыя месцы і ўзмацняе моцныя.