Палітвязняў масава пераводзяць з адных калоній у іншыя

Папраўчая калонія №22 у Івацэвіцкім раёне

Папраўчая калонія №22 у Івацэвіцкім раёне / spring96.org

Палітвязняў масава пераводзяць з калоній, дзе яны адбывалі пакаранне, у іншыя месцы, піша “Радыё Свабода” са спасылкай на свае крыніцы. Пры гэтым былыя палітвязні і праваабаронцы зазначаюць, што раней такой практыкі не было.

Вядома, што напрыканцы мінулага года з папраўчай калоніі №22 "Ваўчыныя норы", якая знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне, раптоўна вывезлі амаль 20 палітвязняў. Хтосьці пазней знайшоўся ў магілёўскай калоніі, хтосьці — у бабруйскай. На змену тым, хто выбіў, прыехалі іншыя палітвязні.

"Хлопчыкаў раптам "падабралі" і перавялі ў іншае месца. Каля 20 чалавек "палітыкаў-тэрарыстаў". А нядаўна прывезлі новых", — расказаў медыя знаёмы аднаго з палітвязняў. Прычына пераводу невядомая. Сам палітвязень, па словах крыніцы, адмаўляецца пра гэта казаць. "Відаць, ён разумее, што гэта небяспечна. Вядома толькі, што ў былой калоніі яго абшуквалі, адпраўлялі ў ШІЗА, пераводзілі з адной часткі ў іншую", — кажа суразмоўца медыя.

У Telegram-канале "Дысідэнт", дзе публікуюцца навіны пра палітвязняў, таксама з'явілася інфармацыя аб пераводах палітвязняў. Праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка, які выйшаў на волю мінулым летам, кажа, што ў ягоны час падобныя пераводы практычна не практыкаваліся. Ён адбываў тэрмін у калоніі "Віцьба-3".

Праваабаронца Павал Левінаў, які да ад'езду за мяжу жыў у Віцебску, мяркуе, што гэта можа быць дадатковай спробай запалохаць іншых вязняў. Ён нагадвае, што такая практыка раней прымянялася ў дачыненні да тых, каму давалі "суткі" за пратэсты. "Людзі маглі памяняць 3-4 камеры за 15 дзён. Каб ім было дрэнна і каб іншыя бачылі, што будзе, калі яны зоймуцца палітыкай. Таксама і ў калоніях", — кажа Левінаў. На яго думку, за час, які прайшоў з 2020 года, "кіраўніцтва калоній стала адчуваць сябе самаўпэўнена" і ўжо нічога не баіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі