Палітыкі і грамадскія дзеячы прынялі заяву "Аб пагрозе незалежнасці Беларусі"
Дзесяць прадстаўнікоў разнастайных палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў падпісаліся пад супольнай заявай "Аб пагрозе незалежнасці Беларусі".
Падставай для звароту стаў, як пішуць аўтары, "небяспечны намер кіраўнікоў Расіі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падпісаць 8 снежня сёлета дамовы, якія замацоўваюць залежнасць Беларусі ад Расіі ды патэнцыйна пагражаюць самому далейшаму існаванню Беларусі як незалежнай суверэннай дзяржавы". Падкрэсліваецца, што падрыхтоўка дакументаў адбываецца ва ўмовах поўнай сакрэтнасці, без усялякіх кансультацыяў з прадстаўнікамі грамадскасці. Інфармацыю пра змест дакументаў не змаглі атрымаць нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Аўтары звароту звяртаюць увагу, што пасля 1994 года ў Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў, а ў лістападзе 1996 года адбыўся канстытуцыйны пераварот. "Такім чынам, у Беларусі няма легітымнай заканадаўчай улады, а значыць, любыя дамовы, падпісаныя цяперашняй уладай, апрыёры неканстытуцыйныя", — адзначаюць яны.
Падпісанты заявы заклікаюць дэмакратычныя дзяржавы свету і найперш Еўрасаюз "асудзіць любыя спробы Расійскай Федэрацыі абмежаваць суверэнітэт Беларусі, выкарыстоўваючы адсутнасць у Беларусі дэмакратычна выбранай улады, а таксама выступіць з ініцыятывай гарантыяў незалежнасці Беларусі на міжнародна-праўнай аснове".
Пад зваротам падпісаліся старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны Алена Анісім, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч, намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, падпісант Віленскага Мемарандуму Вінцук Вячорка, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, сустаршыня Руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, дырэктар цэнтра “Еўрапейскі дыялог”, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў Анатоль Лябедзька, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.