Палітзняволеная Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю

Марыя Калеснікава / З архіву Еўрарадыё
Марыя Калеснікава / З архіву Еўрарадыё

Палітзняволеная Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю.Як піша @viktarbabarykaofficial, Калеснікава знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы хуткай меддапамогі ў Гомелі. Гэтую інфармацыю там пацвердзілі адвакату.

Вядома, што Марыю Калеснікаву ў бальніцу прывезла "хуткая" 28 лістапада. Спачатку яе шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленне, адкуль перавялі ў рэанімацыю. У аўторак адваката да палітзняволенай не дапусцілі, патлумачылі адсутнасцю ад яе адпаведнай заявы.

Пазней стала вядома, што Калеснікаву прывезлі ў бальніцу "з хірургічнай паталогіяй" (па некаторых звестках, праблемы са страўнікам) і прааперавалі ў той жа дзень. Цяпер яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем. Заўтра яе павінны перавесці ў хірургічнае аддзяленне.

Раней было вядома, што Калеснікава знаходзілася ў штрафным ізалятары.

Марыя Калеснікава знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі № 4 з пачатку студзеня 2022 года. У верасні 2021-га яна была асуджана на 11 гадоў зняволення (яе прызналі вінаватай у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" і "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання"). Сваёй віны палітзняволеная не прызнала.

Калеснікава — каардынатарка штаба Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, уваходзіла ў кіраўніцтва Каардынацыйнай рады. Яна знаходзіцца за кратамі з верасня 2020-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі