Палуда: Магчыма, улада рыхтуецца да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне
Напрыканцы 2017 года Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта апублікаваў вынікі праведзенага ў 2016 годзе сацыялагічнага апытання. Сярод іншага, звяртаюць на сябе ўвагу адказы апытаных пра стаўленне да смяротнага пакарання.
“Палова рэспандэнтаў (52%) лічыць, што ў гэты момант смяротнае пакаранне неабходнае. За адмену вышэйшай меры пакарання выказаліся 20% удзельнікаў апытання, а за ўвядзенне мараторыя (часовай забароны) — 19% рэспандэнтаў”, ― даводзяць нам афіцыйныя сацыёлагі.
На думку каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэя Палуды, стаўленне людзей да смяротнага пакарання моцна залежыць ад знешніх фактараў і эмацыйнага стану грамадства.
“У залежнасці ад таго, ёсць на момант апытання рэзанансныя злачынствы ці наадварот, калі ўзнікаюць пытанні з судовай памылкай ― гэта ўсё моцна ўплывае на адказы і ў выніку на адсотак”, ― кажа Андрэй Палуда.
Тым не менш, па словах праваабаронцы, прыведзеныя прэзідэнцкім цэнтрам лічбы вельмі падобныя да тых, якія маюць праваабаронцы на падставе незалежных сацыялагічных апытанняў. Што праўда, апошні раз такія апытанні праводзіліся кампаніяй SATIO ў 2013 і ў 2014 гадах. У 2013 годзе за адмену смяротнага пакарання ці ўвядзенне мараторыя выказаліся 44,9% апытаных, у 2014 ― 43,3%.
Варта звярнуць увагу на тое, што ІАЦ у 2009 годзе падаваў наступныя лічбы сацыялагічнага апытання: за захаванне смяротнага пакарання ― 80% апытаных, 5% ― за яго адмену, 7% ― за ўвядзенне мараторыя. Такім чынам, за сем гадоў колькасць тых, што выказваецца супраць смяротнага пакарання вырасла з 12% да 39%!
Андрэй Палуда: “Важным мне падаецца тое, што ІАЦ апублікаваў гэтую інфармацыю. Магчыма, гэта такі паказчык таго, што ўлада пачала рыхтавацца, альбо ўжо падрыхтаваная да таго, каб змяняць сітуацыю ў кантэксце смяротнага пакарання. І такім вось чынам ужо ідзе абмеркаванне гэтай праблемы. Мне падаецца, што калі гэтае пытанне і будзе вырашацца, то не праз рэферэндум, а палітычнай воляй альбо парламента, альбо прэзідэнта ― яны здольныя вырашыць гэтае пытанне, паставіць у ім кропку шляхам увядзення мараторыя”.
На сёння Беларусь ― адзіная краіна Еўропы, якая захавала смяротнае пакаранне. Нават у Расіі ўведзены мараторый на выкананне смяротных прысудаў. І ўсе краіны прышлі да мараторыя не праз рэферэндумы, а выключна ў выніку прыняцця такога “непапулярнага” рашэння кіруючых органаў. Рашэння, якое станоўча адаб’ецца на грамадстве, запэўнівае Палуда.
“Наяўнасць смяротнага пакарання робіць наша грамадства больш жорсткім, яно раскручвае спіраль жорсткасці. Пры гэтым ніякай прафілактычнай, стрымліваючай мерай не з’яўляецца”, ― лічыць праваабаронца.
Апошні раз публічна тэма смяротнага пакарання абмяркоўвалася ў 1996 годзе. Тады пытанне яго адмены было вынесенае на рэферэндум. Па дадзеных ЦВК, за захаванне вышэйшай меры выказалася 80,44% удзельнікаў галасавання. І хоць рэферэндум меў рэкамендацыйны характар, менавіта яго вынікі выкарыстоўваюцца ўладамі ў якасці аргумента супраць увядзення мараторыя, не зважаючы на тое, што паводле Канстытуцыі, смяротнае пакаранне ў Беларусі носіць часовы характар. Але гэты часовы характар, на думку Андрэя Палуды, даволі моцна зацягнуўся.