Памерла актрыса Святлана Мулявіна-Пенкіна — удава Уладзіміра Мулявіна

Памерла актрыса Святлана Мулявіна-Пенкіна — удава Уладзіміра Мулявіна

Памерла Святлана Мулявіна-Пенкіна — актрыса, удава заснавальніка легендарнага ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна. Пра яе смерць стала вядома 20 кастрычніка. Мулявіна-Пенкіна працавала ў структуры Белдзяржфілармоніі. Цягам некалькіх дзён яна не выходзіла на працу і не адказвала на тэлефанаванні. Калегі і сын пачалі шукаць жанчыну і знайшлі яе мёртвай на арандаванай кватэры, дзе яна апошнім часам жыла. Дакладная дата і прычына смерці пакуль не вядомыя.

Святлана Пенкіна нарадзілася 6 чэрвеня 1951 года, скончыла Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Стала вядомай як актрыса дзякуючы здымкам у савецкім 13-серыйным тэлефільме “Хаджэнне па муках”, у якім сыграла ролю Каці. У 1981 годзе знялася таксама ў фільме “Беражыце жанчын”, у якім сыграла адну з галоўных роляў.

У тым жа годзе Святлана Пенкіна выйшла замуж за Уладзіміра Мулявіна, праз год у сям’і нарадзіўся сын Валерый. Затым актрыса знялася яшчэ ў двух фільмах у эпізадычных ролях і завяршыла кар’еру.

Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна ў 2003 годзе ў Белдзяржфілармоніі быў створаны музей заснавальніка “Песняроў”, дырэктарам якога працавала Святлана Мулявіна-Пенкіна, перадае БелаПАН.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі