Папу Рымскага папрасілі памаліцца за палякаў, якіх пераследуюць у Беларусі

Папа Рымскі Францішак

Папа Рымскі Францішак / Vatican Media

Папу Рымскага Францішка папрасілі маліцца за палякаў, якіх пераследуюць у Беларусі. Такую просьбу агучылі рэгіянальныя асацыяцыі муніцыпалітэтаў і паветаў Польшчы, піша MOST.

Прадстаўнікі мясцовага самакіравання папрасілі праявіць салідарнасць з дэмакратычнай апазіцыяй, а таксама запатрабавалі неадкладнага вызвалення з-пад варты ўсіх палітвязняў у Беларусі, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута. Ён асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яны згадалі, што ў Беларусі ідзе ціск на ксяндзоў: "Каталіцкіх святароў пераследуюць і, акрамя арыштаў, іх збіваюць, запалохваюць, штрафуюць і вымушаюць пакінуць Беларусь".

Таксама аўтары петыцыі абураюцца жорсткімі палітычнымі рэпрэсіямі супраць польскай меншасці, якая пражывае на тэрыторыі Беларусі: "Тыя палякі стагоддзямі жылі на гэтых землях, і толькі таму, што яны ўсё яшчэ адчуваюць сябе палякамі і з'яўляюцца католікамі, выказваюць салідарнасць з Польшчай і дэмакратычнай апазіцыяй у Беларусі, яны зазнаюць рэпрэсіі з боку ўсяго дзяржаўнага апарату".

Аўтары звароту заклікаюць Папу Рымскага пачаць максімальна шырокія дыпламатычныя дзеянні на міжнароднай арэне для абароны дэмакратычнай апазіцыі і свабоды веравызнання ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі