Парашэнка аддаў загад начальніку Генштаба Украіны спыніць агонь
І зрабіць гэта 5 верасня а 18-й гадзіне.
Нагадаем, у беларускай сталіцы сёння праходзіць чарговае паседжанне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) па ўрэгуляванню сітуацыі на ўсходзе Украіны. Прадстаўнікі Кіева і самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" падпісалі пагадненне аб спыненні агню ў 18.00 у пятніцу.
Украінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка распаўсюдзіў заяву, у якой адзначаецца: "Мае міжнародныя перамовы ў Бруселі і Мінску прадэманстравалі магутны запыт на мірнае палітыка-дыпламатычнае ўрэгуляванне канфлікта на Данбасе. Такія ж настроі дамінавалі падчас маіх сустрэч з сусветнымі лідарамі на саміце NATO ва Уэльсе". Паводле слоў Парашэнкі, увесь свет, а разам з ім і Украіна, імкнецца да міра. А паколькі "найвышэйшай каштоўнасцю з'яўляецца чалавечае жыццё", трэба зрабіць "усё магчымае і немагчымае для таго, каб спыніць кровапраліццё і пакласці канец пакутам людзей".
Акрамя загада начальніку Генштаба спыніць агонь, Пятро Парашэнка даручыў міністру замежных спраў Украіны, сумесна з АБСЕ, забяспечыць эфектыўны міжнародны кантроль за захаваннем рэжыма спынення агню, які мусіць насіць выключна двухбаковы характар. "Разлічваю, што гэтыя дамоўленасці, уключна са спыненнем агню і вызваленнем закладнікаў, будуць дакладна выконвацца", — гаворыцца ў заяве ўкраінскага прэзідэнта.
"ДНР" і "ЛНР" гатовыя выканаць абавязацельствы аб спыненні агню а 18-й гадзіне. Пра гэта ў Мінску заявіў "прэм'ер" так званай "Луганскай народнай рэспублікі" Ігар Платніцкі. Ён адзначыў, што гэта "робіцца для таго, каб ўнесці адзінства ў народ, каб не пралівалася кроў адзінага народу".
Фота — ria.ru