Парашэнка, Меркель і Аланд просяць Пуціна вызваліць Саўчанку

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд у чарговы раз папрасілі Уладзіміра Пуціна неадкладна вызваліць Надзею Саўчанку. Украінская лётчыца, дэпутат Вярхоўнай Рады галадае ў расійскай турме з 15 снежня мінулага года і знаходзіцца ў цяжкім стане. Учора Парашэнка прысвоіў ёй званне Героя Украіны. “Надзея з’яўляецца сімвалам непарушнасці ўкраінскага духу і гераізму, сімвалам таго, як трэба абараняць і любіць Украіну. Сімвалам нашай перамогі”, — заявіў украінскі прэзідэнт.

Тэлефонная размова Парашэнкі, Меркель, Аланда і Пуціна адбылася позна ўвечары 2 сакавіка. Гаворка ішла пра забеспячэнне міру на Данбасе, інфармуе УНІАН. Якая была рэакцыя расійскага прэзідэнта на просьбу аб вызваленні Надзеі Саўчанкі, невядома.

Надзея Саўчанка нарадзілася 11 траўня 1981 года ў Кіеве. Пасля школы атрымала спецыяльнасць мадэльера-дызайнера, год правучылася на журфаку, пасля чаго пайшла служыць па кантракце ва Узброеныя сілы Украіны. У 2004-2005 гадах у складзе роты ўкраінскага 72-га асобнага механізаванага батальёна ўдзельнічала ў міратворчай місіі ў Іраку. У 2009 годзе скончыла Харкаўскі ўніверсітэт паветраных сілаў, стала штурманам-аператарам верталёта Мі-24, служыла ў 3-м асобным палку армейскай авіяцыі ў Бродах. Надзея казала, што з дзяцінства марыла стаць лётчыцай.

У чэрвені 2014-га Надзея Саўчанка, як добраахвотніца, удзельнічала ў баях супраць баевікоў у складзе батальёна "Айдар" (пры гэтым заставалася дзейным афіцэрам Узброеных сілаў Украіны, мае званне старэйшага лейтэнанта). 17 чэрвеня яна выносіла з поля боя параненых каля пасёлка Металіст пад Луганскам, калі яе захапілі баевікі з батальёна "Зара". Апошнія планавалі абмяняць лётчыцу на палонных, але раптоўна перадумалі. Неўзабаве баевікі перавезлі яе ў Расію і перадалі расійскім спецслужбам (пра знаходжанне Саўчанкі ў Расіі, у следчым ізалятары Варонежа, стала вядома 8 ліпеня).

Расійскі бок сцвярджае, што Саўчанка, нібыта, сама перайшла мяжу і была затрымана па абвінавачанні ў гібелі 17 чэрвеня 2014-га каля Луганска пад абстрэлам расійскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына (нібыта, украінка карэктавала мінамётны абстрэл). Саўчанка гэта абвергла. Улады Украіны заявілі, што ўкраінскую грамадзянку незаконна вывезлі ў Расію. Абарона Надзеі Саўчанкі сцвярджае, што яе падабаронная трапіла ў палон баевікоў яшчэ да таго, як загінулі журналісты.

У кастрычніку 2014 года на парламенцкіх выбарах Саўчанка была абрана ў Вярхоўную Раду Украіны па спісу "Бацькаўшчыны". Украінскі парламент абраў яе прадстаўніцай у Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы.

Галадоўку пратэсту Надзея Саўчанка аб'явіла ў Лефортаўскай турме ў Маскве 15 снежня 2014-га. Увесь час з расіянамі яна размаўляе на ўкраінскай мове праз перакладчыка, апранае футболку з украінскім гербам.

У канцы студзеня 2015 года супраць Саўчанкі распачалі новую крымінальную справу — "за незаконнае перасячэнне мяжы". Калі 25 лютага Маскоўскі гарадскі суд прызнаў законнасць рашэння Басманнага суда Масквы аб працягненні арышту да 13 траўня, украінка сказала: "Пачынайце, таму што да наступнага паседжання суда я магу не дажыць".

Украінскія ўлады безпаспяхова спрабуюць дамагчыся вызвалення Надзеі Саўчанкі. З заклікам вызваліць украінку да ўладаў Расіі звярталіся ПАСЕ, Дзярждэпартамент ЗША, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Расійская "Новая газета" збірала подпісы пад зваротам да Пуціна з патрабаваннем вызваліць Саўчанку.

Фота: Reuters, ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі