Парашэнка заклікаў Пуціна вызваліць арыштаваных украінскіх грамадзян
Украінскі прэзідэнт звярнуўся да гэтай тэмы, выступаючы ў Мінску на саміце краін Мытнага саюза, Украіны і ЕС.
Пятро Парашэнка заклікаў неадкладна вызваліць усіх закладнікаў на Данбасе, а таксама ўкраінскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Расіі. Нагадаем, самая вядомая сярод іх — украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая трапіла ў палон да тэрарыстаў і была вывезеная ў Расію, дзе знаходзіцца ў зняволенні. Паводле слоў Парашэнкі, вызваленне гэтых людзей паспрыяла б мірнаму ўрэгуляванню сітуацыі на Данбасе і пачатку яго аднаўлення.
Таксама ўкраінскі прэзідэнт адзначыў важнасць устанаўлення эфектыўнага кантроля на ўкраінска-расійскай мяжы з мэтай спынення паставак тэрарыстам зброі і вайсковай тэхнікі. Гэта адна з галоўных умоваў стабілізацыі сітуацыі на Данбасе, сказаў Парашэнка. Ён лічыць, што кантроль над мяжой магчымы пры прыцягненні назіральнікаў АБСЕ.
Фота — ria.ru