Партрэт Мулявіна прадалі ў Мінску за 32 тысячы еўра
Аўкцыён твораў моднага мастака Нікаса Сафронава адбыўся ў беларускай сталіцы 5 траўня.
Самым дарагім лотам стала карціна "Сонечная раніца дзесьці ў Еўропе". Адзін з калекцыянераў набыў яе за 50 тысяч еўра. За 20 тысяч еўра мастак прадаў карціну "Заяц — сімвал Алімпіяды ў Сочы".
Найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў аўкцыёну выклікаў партрэт лідара ансамбля "Песняры" Уладзіміра Мулявіна, напісаны мастаком у 1995 годзе. Цана на твор падчас таргоў узляцела ў больш як шэсць разоў — ад 5 да 32 тысяч еўра.
У таргах прынялі ўдзел калекцыянеры з Беларусі, Расіі, Украіны, Нямеччыны і Францыі.