Пасажыраў без квіткоў абавяжуць уваходзіць у аўтобус праз пярэднія дзверы

Пасажыраў без квіткоў абавяжуць уваходзіць у аўтобус праз пярэднія дзверы

Савет міністраў зрабіў змены і дапаўненні ў Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Дакумент набудзе моц 12 кастрычніка 2018 года. У ім істотна памяняліся правы і абавязкі пасажыраў, піша tut.by са словаў начальніка ўпраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Сяргея Дубіны.

Пасажыр, які не мае праязнога квітка, але хоча яго купіць у кіроўцы, абавязаны заходзіць у пярэднія дзверы аўтобуса ці тралейбуса. Калі такі пасажыр зойдзе на заднюю пляцоўку ў перапоўненым транспарце і трапіцца кантралёрам, тыя могуць яго аштрафаваць. Апраўданні, што ён не паспеў дайсці да кабіны кіроўцы і купіць квіток, не будуць прынятыя пад увагу.

Пры ўваходзе ў грамадскі транспарт пасажыр абавязаны прыкладаць да валідатара электронны квіток. У будучыні плануецца ўвесці аплату праезду за адлегласць, тады прыкладаць квіток давядзецца і на выхадзе.

Акрамя абавязкаў з'явяцца ў пасажыраў і новыя правы. Напрыклад, можна будзе правозіць у салоне даўгамерныя прадметы, вуды, упакаваны садовы інвентар, музычныя інструменты ў футарале, інвалідныя крэслы, мыліцы ды іншыя прадметы. Са згоды перавозчыка можна будзе перавозіць неразабраны ровар на спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. Праўда, пакуль што ў Беларусі няма транспарту з такімі спецыяльна абсталяванымі месцамі.

Забраніраваць квіток на міжгародны рэйс цяпер можна будзе не толькі за 15 дзён, але і раней. А перавозчыкам дазволена рэгістраваць бронь амаль да адпраўлення аўтобуса.

У новых правілах для пасажыра няма абавязку раздрукоўваць квіток, куплены праз інтэрнэт, каб паказаць кіроўцу або кантралёру. Але гэта не значыць, што пасажыр з квітком у смартфоне, зможа трапіць на пасадку ў аўтобус. Па словах Дубіны, усё залежыць ад інфармацыйных магчымасцяў канкрэтнага перавозчыка і ад дамовы пасажыра і перавозчыка.

Тэрмін разгляду скаргаў і прэтэнзій, атрыманых ад пасажыраў перавозчыкам, скараціўся ўдвая — з 30 да 15 дзён.

Экіпаж пасажырскага транспарту, згодна з новымі правіламі, не павінен паліць у салоне і мусіць мець ахайны выгляд. Ім забараняецца выкарыстоўваць хатнюю і спартыўную вопратку, а таксама нельга перавозіць у кабіне пабочных людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі