Пасля "ліквідацыі тэрарыста" на выездзе з Гродна аўтаматчыкі правяралі машыны

На выезде з Гродна аўтаматчыкі правяралі машыны / mostmedia.io, ілюстрацыйнае фота
На выезде з Гродна аўтаматчыкі правяралі машыны / mostmedia.io, ілюстрацыйнае фота

19 сакавіка на выездзе з Гродна аўтаматчыкі правяралі кожны аўтамабіль, піша MOST са словаў чытачоў. Хутчэй за ўсё, гэта было звязана з "ліквідацыяй тэрарыста", пра якую заявілі спецслужбы.

Як распавядала Еўрарадыё, 19 сакавіка ў Гродне сілавікі застрэлілі замежніка. Паводле іх словаў, ён рыхтаваў тэракт на тэрыторыі Беларусі і пры затрыманні аказаў супраціў "з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат". У затрыманні ўдзельнічалі байцы спецназу КДБ — група "А".

У той жа вечар, паводле звестак СМІ, да дома кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка прыехала міліцыя і службы размініравання з сабакамі.

Гродзенцы, якія вярталіся пасля цёплых выходных дадому, трапілі пад пільны кантроль.

"Былі здзіўленыя, калі на ўездзе ў Гродна з боку Сапоцкіна было тры блокпасты. Каля Аўгустоўскага канала адзін быў і два на саміх выездах з горада. Стаялі вайскоўцы з аўтаматамі і біноклямі, якія спынялі ўсе аўтамабілі. Правяралі дакументы. Мы не разумелі, чаму такі дагляд. А калі прыехалі дадому, то даведаліся пра сітуацыю ў горадзе з нейкім "замежным агентам", — кажа гродзенка.

Пасля інцыдэнту ў Гродне прайшло больш за суткі, але новай афіцыйнай інфармацыі пакуль што няма. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі