Пасля сустрэчы з Макеем паслы Еўропы, ЗША і Японіі выступілі з сумеснай заявай
Дыпламаты ЗША, ЕС, Швейцарыі, Велікабрытаніі і Японіі ў супольнай заяве пракаментавалі сённяшнюю сустрэчу з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем. Яны не распавялі, што ён казаў, але данеслі сваю пазіцыю.
Дыпламаты нагадалі Макею пра пазіцыю сваіх краін наконт сітуацыі ў Беларусі. Таксама яны акрэслілі, пры якіх умовах іх краіны могуць пайсці насустрач афіцыйнаму Мінску.
"Дыпламаты заклікалі ўлады адгукнуцца на патрабаванні беларускага народа:
— неадкладна спыніць пераслед усіх асоб, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху, а таксама незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці;
— прадэманстраваць павагу да свабоды перакананняў, выказвання і сходаў;
— неадкладна спыніць адвольныя затрыманні, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў і палітычных зняволеных;
— неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў і несправядліва затрыманых;
— не марудзячы расследаваць парушэнні правоў чалавека і прыцягнуць да суда тых, хто санкцыянаваў і здзяйсняў акты гвалту, катаванняў, бесчалавечнага абыходжання і незаконныя дзеянні, якія прывялі да цялесных пашкоджанняў, траўмаў, гібелі людзей, а таксама да фармавання агульнай атмасферы беззаконня ў краіне;
— пачаць годны даверу і інклюзіўны палітычны працэс, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ".
На думку дыпламатаў, асновай суверэнітэту з'яўляецца згода (а не падпарадкаванне) грамадзян, сацыяльная салідарнасць і бяспека, дынамічныя інстытуты і свабодная прэса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.