Пасля запуску фэйка пра план "Перамога" ГУБАЗіК заявіў пра затрыманні
Затрыманыя за ўдзел у пратэстах грамадзяне Беларусі
Пасля запуску фэйка пра план "Перамога" ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне чацвярых грамадзян Беларусі. "Пакаяльныя відэа" з імі з'явіліся ў праўладных тэлеграм-каналах. Зрэшты, знятыя яны маглі быць раней, чым 14 кастрычніка — у дзень, калі лукашэнкаўскія ўлады арганізавалі правакацыю з мабілізацыйным планам.
Нагадаем, яны стварылі фэйкавы канал ByPOL і ад імя кіраўніка ініцыятывы Аляксандра Азарава апублікавалі ўчора відэазварот, у якім ён прапаноўваў удзельнікам плана "Перамога" пераходзіць да актыўных дзеянняў. Журналісты незалежных СМІ адразу ж высветлілі, што гэта фэйк.
Пазней у ТГ-каналах, звязаных з ГУБАЗіК, з'явіліся чатыры "пакаянныя відэа". Затрыманы 27-гадовы гродзенец Максім Саўко і трое мінчан: 39-гадовы Віталь Самаль, 36-гадовы Віталь Ахрэмчык і 20-гадовы студэнт Даніла Вітуноў.
У відэа яны рознымі словамі распавядаюць прыблізна адно і тое ж: нехта даслаў спасылку на план "Перамога", з імі звязаліся для ўдакладнення звестак, а потым яны былі затрыманыя міліцыяй. Ніхто з затрыманых не згадвае, што гэта адбылося 14 кастрычніка — пасля таго, як быў распаўсюджаны фэйкавы зварот Азарава.
За два гады рэпрэсій беларускія сілавікі адпрацавалі набор карных практык. Каб было ў чым абвінаваціць чалавека, яны могуць самі падпісаць яго на тэлеграм-каналы, абвешчаныя экстрэмісцкімі. Вядомыя і выпадкі, калі чалавека прымушалі прызнацца ў тым, чаго ён не рабіў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.