Пасол Нямеччыны: Еўрасаюз гатовы пачаць адносіны з Беларуссю з чыстага аркуша

Пасол Нямеччыны: Еўрасаюз гатовы пачаць адносіны з Беларуссю з чыстага аркуша

Прыпыняючы санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і шэрагу прадпрыемстваў, Еўрасаюз паказвае, што гатовы пачаць будаваць адносіны з Беларуссю з чыстага аркуша. Пра гэта заявіў амбасадар Нямеччыны Петэр Дэтмар 18 лістапада на канферэнцыі "Выхад на новыя рынкі". Яна праходзіць у Мінску ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва.

На думку дыпламата, якую перадае БелаПАН, эканамічныя праблемы Беларусі апошніх гадоў звязаныя больш з палітычнымі рашэннямі, якія прымаюцца ў краіне, чым з дзеяннем еўрапейскіх санкцый.

Амбасадар кажа, што прыпыненне санкцый — гэта відавочны сігнал Еўрасаюза, што ён "гатовы заплюшчыць вочы на ​​падзеі ў Беларусі папярэдніх гадоў і гатовы надаваць увагу таму, што можа быць у будучыні".

Дарэчы, амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнел удакладніў, што ЕС ўводзіў санкцыі не супраць Беларусі як дзяржавы, а супраць пэўных людзей.

Нагадаем, што 29 кастрычніка Еўрасаюз на чатыры месяцы прыпыніў дзеянне санкцыяў супраць прадстаўнікоў Беларусі. Замарозка санкцыяў закранула 170 фізічных асобаў, а таксама тры прадпрыемствы Беларусі. Пад санкцыямі засталіся чатыры чалавекі, якіх Еўрасаюз падазрае ў датычнасці да палітычных знікненняў у Беларусі — Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка і Юрый Сівакоў.

Фота: БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі