Пастаўкі малака ў Расію зменшыліся на 162 тысячы тон
Беларускія прадпрыемствы не могуць выканаць планы па экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію, піша "СБ. Беларусь сегодня".
Напрыклад, за 2018 год было недапастаўлена 617 тысяч тон малочнай прадукцыі (у пераліку на малако). Праўда, пастаўкі мясной прадукцыі ўдалося нават перавыканаць.
Сёлета Беларусь таксама не можа выканаць падпісаны баланс паставак. Перашкодай сталі абмежаванні, якія ўводзіць Рассельгаснагляд, кажа начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў. Так, на расійскія прылаўкі малочнай прадукцыі адпраўлена на 162 тысячы тон менш, чым было запланавана.
Мясной прадукцыі ў студзені-сакавіку пастаўлена 69 тысяч тон у пераліку на мяса — тут таксама ёсць тэндэнцыя да зніжэння аб'ёму экспарту. Па словах Багданава, калі такая сітуацыя захаваецца, то і выкананне балансаў па мясе таксама апынецца пад пагрозай зрыву.
Гэтае пытанне беларускія чыноўнікі плануюць абмеркаваць з расіянамі на сумеснай калегіі двух аграрных ведамстваў 15 траўня ў Мінску.