Патрыярх Кірыл выступае супраць “глабальнай ерасі чалавекапаклонніцтва”

Патрыярх Кірыл выступае супраць “глабальнай ерасі чалавекапаклонніцтва”

Верхавенства правоў чалавека пачало выгнанне Бога з людскога жыцця і жыцця грамадства. Такую заяву зрабіў патрыярх Кірыл пасля літургіі ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве 20 сакавіка, паведамляе Інтэрфакс.

“Сёння мы гаворым аб глабальнай ерасі чалавекапаклонніцтва, новым ідалапаклонстве, якое вырывае Бога з чалавечага жыцця. Нічога падобнага ў глабальным маштабе ніколі не было. Менавіта на пераадоленне гэтай ерасі сучаснасці, наступствы якой могуць мець апакаліптычныя падзеі, Царква павінная накіроўваць сілу сваёй абароны, свайго слова, сваёй думкі. Мы павінныя абараняць праваслаўе”, — гаворыць у сваёй прамове Патрыярх.

Па яго словах, цяпер шмат у якіх краінах робяцца намаганні з дапамогай закона “зацвердзіць права любога выбару чалавека, у тым ліку і самага грахоўнага, які ідзе насуперак слову Божаму”.

Ці сапраўды правы чалавека супярэчаць праваслаўнай дактрыне і ці з’яўляецца чалавек асноўнай каштоўнасцю праваслаўнай рэлігіі? Такое пытанне мы задалі святару гэтай канфесіі Аляксандру Шрамко.

Патрыярх Кірыл выступае супраць “глабальнай ерасі чалавекапаклонніцтва”

Паводле яго словаў, менавіта чалавек і ёсць адной з галоўных каштоўнасцяў як хрысціянства агулам, так і праваслаўя ў прыватнасці:

“Хрысціянства — гэта рэлігія Богачалавека. Прыйшоў Бог на зямлю, стаў чалавекам, каб выратаваць яго. Я ўжо не ведаю, што можа быць створана больш для чалавека. Гэта самая чалавекалюбівая рэлігія. Бо Бог менавіта дзеля чалавека стаў самім чалавекам”, — тлумачыць святар.

Сам прынцып правоў чалавека, на думку святога айца, не супярэчыць хрысціянскай дактрыне. І ўвогуле ўсе базавыя правы чалавека выйшлі з хрысціянства.

“У прынцыпе, усе базавыя правы чалавека — на свабоду, на годнасць, на жыццё, на працу, на свабоду слова і свабоду таго ж веравызнання — гэта ўсё не супярэчыць хрысціянскім перакананням”, — гаворыць святы айцец.

Але ёсць некаторыя асаблівасці. Сацыяльная канцэпцыя РПЦ абмяжоўвае, да прыкладу, правы сэкс-меншасцяў, тлумачыць Аляксандр Шрамко. Але гэта адбываецца паводле агульных хрысціянскіх перакананняў. Гэта прысутнічае і ў каталіцтве.

Патрыярх Кірыл выступае супраць “глабальнай ерасі чалавекапаклонніцтва”

На думку тэолага, праваабаронцы і рэдактара партала “Царква” Наталлі Васілевіч, магчыма нават быць праваабаронцам і добрасумленным вернікам адначасова. Яна прыводзіць у прыклад свой уласны досвед:

“Гэта не толькі не супярэчыць, але і з’яўляецца рэалізацыяй праваслаўнай веры, даверу да Бога і рэалізацыі, паводле майго адчування, таго, чаго ад мяне хоча Бог”.

Для царквы заўсёды было важна абараняць чалавека. І чалавек для яе большая каштоўнасць, чым, напрыклад, дзяржава, падводзіць вынік тэолаг.

Фота: nn.by, krynica.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі