Паўторны суд над “смяротнікам” Груновым пачнецца 26 лістапада
Яго справу разгледзяць у Гомельскім абласным судзе.
Аляксандр Груноў ужо пераведзены з камеры смяротнікаў мінскага СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў СІЗА Гомеля, паведаміў Еўрарадыё праваабаронца Андрэй Палуда.
Нагадаем, папярэдні суд над Груновым завяршыўся ў чэрвені. Тады яго прысудзілі да выключнай меры пакарання — расстрэлу. Аляксандра Грунова абвінавачваюць ва ўчыненні забойства з асаблівай жорсткасцю (студэнтка Наталля Емельянчыкава атрымала 102 нажавыя раненні).
Аднак у кастрычніку Вярхоўны суд нечакана задаволіў касацыйную скаргу яго адваката. Першы працэс быў прызнаны памылковым і справу накіравалі на перагляд. Цяпер судзіць Грунова будуць іншыя суддзі. На думку праваабаронцаў, прычынай перагляду справы з’яўляецца тое, што першы суд не ўлічыў некалькі важных акалічнасцяў. А менавіта — яўкі з павіннай і недакладна праведзенай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы.
Фота — gp.by